Наталля з Вілейкі падышла па ўсіх крытэрыях: мае мужа і дзяцей. Гэта першая жанчына з Вілейкі, якая стане сурагатнай маці. За яе гісторыяй незвычайнага мацярынства будзе сачыць карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты”.

− Шмат думак пралятала ў той дзень у маёй галаве, − распавядае Наталля. − Ішла да сваёй знаёмай, мне трэба было ёй дыскі аднесці. У адным з завулкаў наткнулася на аб’яву. Яна мяне вельмі зацікавіла. Спынілася, чытала некалькі разоў, не магла паверыць у тое, што бачу. Першая думка − у мяне з’явяцца грошы. Я хутка пабегла дадому і набрала нумар мабільнага тэлефона. Прыемны голас паведаміў: гэта фірма. А я ж думала, што гэта жанчына сама шукае маці такім чынам.

Пыталіся ў мяне пра многае: здароўе, дзяцей, ці замужам я. І самае важнае, ці разумею, што такое сурагатнае мацярынства, ці змагу аддаць дзіця. Я адказала, безумоўна, разумею. Мне давядзецца быць “інкубатарам”. На наступны дзень паехала ў тую фірму. На вакзале мяне сустрэла сама дырэктарка. Доўга агаворвалі розныя моманты, і я вырашыла, што зраблю ўсё, каб атрымалася задуманае.

Мы падпісалі пачатковае пагадненне, па якім я ўступаю ў праграму сурагатнага мацярынства. Пазней ездзіла ў Мінск, мяне абследавалі доўга і старанна. Назіранне ў доктара праходзіла за свае грошы, аддала за гэта каля 1,5 мільёна. Мне патлумачылі, што на гэтым этапе фірма многае губляла, ды і бацькі будучага дзіцяці − таксама. Бо не ўсе кандыдаткі падыходзяць, але абследаванне з’яўляецца абавязковай працэдурай.

З моманту зачацця я кожны месяц буду атрымліваць 300 даляраў на адзенне і ежу. Кантралявацца гэта ніяк не будзе, бо мама дзіцяці жыве пастаянна ў Балгарыі. Мяне гэта цалкам задавальняе: сяджу ў дэкрэце, на працу пакуль няма магчымасці выйсці, малодшай дачцэ два з паловай гады.

Нядаўна сустракалася з генетычнай матуляй, мы падпісалі асноўную дамову. Жанчына мне вельмі спадабалася, ёй недзе пад пяцьдзесят. Працуе настаўніцай, дарэчы, зарплата ў яе не больш за дзвесце еўра ў месяц. (Эка ў Беларусі дазволена рабіць да 50 гадоў. А сурагатнай маці ў нашай краіне можа стаць жанчына да 35, − заўвага аўтара).

Тонкасцяў пра яе немагчымасць мець дзяцей я не ўдакладняла, магчыма, гэтая тэма для яе балючая. Ды і пра грошы таксама, дзе яна іх узяла. Не мая гэта справа.
Аказалася, што я не першая кандыдатура для гэтай жанчыны. Да мяне былі дзве. Адна прайшла дарагое лячэнне за кошт настаўніцы, толькі так і не стала сурагатнай мамай, але гэта не праблема. Ва ўсіх бываюць хваробы, і іх трэба час ад часу доўга лячыць. А другая жанчына, якую таксама разглядалі на гэтую ролю, у выніку заявіла, што знайшла новую працу і не хоча выношваць чужое дзіця. Хавалася ад фірмы і ад будучых бацькоў. Магла ж проста сказаць, што хоча спыніць кантракт і − кропка. Але яна трымала ўсіх у чаканні. Балгарка вельмі хвалявалася, ці “не кіну” яе і я. Але гэта − не ў маіх правілах. Я давяду справу да канца. Абавязкова. Мне вельмі патрэбныя грошы.

За апошнія тыдні мы з генетычнай матуляй шмат разоў сустракаліся. Яна кажа, што хоча бліжэй пазнаёміцца. Учора, напрыклад, яна зрабіла для мяне прыемны сюрпрыз − падарыла набор касметыкі, проста так, без нагоды. Падалося, што яна адчувала мой дзень нараджэння. А ён быў праз дзень. На сустрэчу яна прыехала са сваёй сяброўкай. Мы сядзелі ў мінскай кавярні і многае абмяркоўвалі. Час хутка скончыўся, і я паехала дадому.

Хутка будзе зачацце

Наталля распавяла, што на атрыманыя грошы яна плануе адкрыць сваю справу:
− У мяне двое дзяцей, а карміць іх трэба. Калі мужчына іх не можа забяспечыць, мне давялося знайсці такі спосаб даходу ў дэкрэце.
− Нараджаць будзеце ў Вілейцы?
− Нараджаць я буду ў Мінску.
− А дакладную дату апладнення вам ужо сказалі?
− Я думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні – задаволена расказала жанчына.
Вельмі хутка ў гераіні будзе зачацце. Як гэта будзе адбывацца, чытайце ў наступных нумарах нашай газеты.

Даведка “РГ”. ЭКА – (экстракарпаральнае апладненне) –− дапаможная рэпрадуктыўная тэхналогія, якую выкарыстоўваюць у выпадках бясплоддзя. Яшчэ гавораць “апладненне ў прабірцы”, таму што яйцаклетку штучна апладняюць у прабірцы, потым эмбрыён некалькі дзён трымаюць ва ўмовах інкубатара. Пасля яго пераносяць у поласць маткі для далейшага развіцця. Першыя вопыты па штучным апладненні праводзілі ў Вялікабрытаніі ў канцы XVII стагоддзя. Першае дзіця ў свеце, “зачатае ў прабірцы”, нарадзілася ў  1978 годзе. У 2010 годзе налічылі каля чатырох мільёнаў дзяцей, народжаных дзякуючы ЭКА.

Як збіраюцца жаночыя клеткі для ЭКА?
Жуйку жаваць нельга. Будуць цяжкія ўскладненні.
Збор яйцаклетак з фалікула з’яўляецца самай непрыемнай працэдурай для жанчыны. Пункцыя фалікулаў неабходная для атрымання яйцаклетак з яечнікаў пацыенткі, каб потым апладніць іх у прабірцы. Працэдура робіцца пад наркозам і займае не больш за дваццаць хвілін. У дзень пункцыі раніцай нельга есці, піць і жаваць жавальную гумку. У адваротным выпадку анестэзію зрабіць не змогуць з-за высокай верагоднасці ўзнікнення цяжкіх ускладненняў.
Як здаецца мужчынскі аналіз для ЭКА?
Папярэдне − палавое ўстрыманне ў сярэднім чатыры дні.
Матэрыял для даследавання збіраецца шляхам мастурбацыі. Можна адразу здаць эякулят ў стэрыльнай, герметычна зачыненай пасудзіне. Трымаць яго трэба ў цяпле, прынесці на працягу гадзіны пасля здачы аналізу. Некаторыя медыцынскія цэнтры прымаюць запоўнены прэзерватыў. Дарэчы, матэрыял у сярэднім прыдатны не больш чым праз 7 дзён ўстрымання. Аптымальны варыянт для многіх клінік − чатыры дні.

Для найлепшага стану клетак мужчынам перад аналізам не рэкамендуецца наведваць гарачыя ванны, сауны, лазні. А таксама трэба добра харчавацца, выконваць практыкаванні, якія паляпшаюць працу мышц малога таза і прэса. Дактары раяць зрабіць палавое жыццё рэгулярным.

Вольга ДЭКСНІС.