Рэспубліканскі музычны фестываль “Рок-каранацыя” прайшоў 31 сакавіка ў Палацы культуры.
Чаму саліст “J:Морс” гатовы зноў адмовіцца ад кароны, а лідар “Зніч” уздымае яе на вяршыню?

Пра праблемы самага маштабнага рок-фестывалю Беларусі – у размове з  яго ўдзельнікамі падчас канцэрта…

Апранула я рваныя штаны, скураны пінжак і адправілася слухаць рок. У мяне яшчэ заставаўся час зазірнуць ў білетную касу. Самыя даражэйшыя білеты на лепшыя месцы былі купленыя. Але заставалася яшчэ больш за палову, якія ніхто не купіў.
Да апошняга я спадзявалася на цуд, думала, для таго, каб запоўніць залу, арганізатары што-небудзь прыдумаюць. Але адсутнасць аншлагу нікога не турбавала. Як пракаментаваў сябра журы Вячаслаў Радзівонаў, калі ўлічваць цяперашняе становішча спраў, нават у Мінску, там, дзе звычайна аншлаг, гледачоў не хапае. Таму сёння  гэта нармальна.
Пакуль я дабралася да залы, там ужо ва ўсю рэпеціраваў гурт “Зніч”. Дачакаўшыся заканчэння міні-канцэрта, я накіравалася наўпрост да лідара гурту Алеся Таболіча …

Гледачы.

Алесь Таболіч: “Удзельнічаць ў рок-каранацыі – “вылезці ў людзі”
– Алесь, якое значэнне мае для вас рок-каранацыя?
– Гэта для нас, што называецца,  “вылезці ў людзі”. Можна прыводзіць у прыклад  вельмі шмат фестываляў як клубных, так і сцэнічных, але яны не будуць мець такога рэзанансу менавіта для музыкаў.  Можна сказаць, гэта адзіны беларускамоўны фестываль ў Беларусі, які ўплывае на музычную культуру! І ён не павінен выносіцца на палітычную арэну, а заставацца духоўным!
А што значыць “выносіцца на палітычную арэну”?
– Лічыцца, што  ў рок-каранацыі ўдзельнічаюць нейкія апазіцыйна настроеныя людзі. На мой погляд, наадварот: людзі, якія настроеныя на беларускасць, жывуць душою. А тыя, якія шмат гавораць, — нічога не робяць. Я кажу пра нашу папсу, тую, якую бачу. Усялякія Саладухі, Афанасьевы, Дарафеевы мне ўжо надакучылі! Хіба няма новых імёнаў? Я б запрасіў на фестываль шмат маладых гуртоў, якія ўжо сябе зарэкамендавалі. Дарэчы, карону б даў гурту “Без білета”, само сабой даў бы і “Ляпісам”.
Алесь, чаго вы чакаеце ад каранацыі?
– Хачу, каб рок-каранацыя ўспрымалася не так: “Ай, што там гэта рок-каранацыя!” А як шоу! Я, дарэчы, не ведаю, якім яно будзе: такая цікавая інтымнасць. Раней сам хадзіў на рок-каранацыю, каб паглядзець, як людзі сябе паводзяць. Памятаю, “N.R.M.” голыя танцавалі…
А што не падабаецца ў гэтым фестывалі?
– Па-першае, мне не падабаецца, што ходзяць чуткі, нібыта гэта канцэрт “J:Морс”. Па мне так: ну “J:Морс”. І што? А па-другое, хацелася б бачыць тут розныя стылістычныя накірункі…
Зоя Сахончык: “Атрымаць карону – гэта тое самае, што перажыць аргазм”
Гэта салістка гурту “ЗМ99” выпаліла мне адразу пасля ўручэння кароны. Паверце, эмоцыі валілі з усіх бакоў! Але з ёй мы яшчэ паспелі паразмаўляць перад канцэртам. Абстаноўка была спакойнай, і нам ніхто не перашкаджаў…
– Зоя, як вы ставіцеся да кароны?
– Яна для мяне як ласка звыш, як блазнота (смяецца)! Раней яшчэ чакала яе, хацелася заваяваць прызнанне. Але, як гаворыцца, калі хочаш, каб нешта адбылося, перастань гэтага чакаць. Я перастала, і вось яно прыйшло.
Многія заявілі пра тое, што лічаць, быццам рок-каранацыя коціцца ўніз…
– На самой справе, не бачу нічога сумнага, агіднага і жудаснага. Вядома, раней, калі гучаў Уладзімір Мулявін, усё было вельмі ўзнёсла. Тады квітнеў прыватны бізнес, людзі ўкладвалі грошы ў развіццё музыкі. Тады гэта было ганарова, бо, у першую чаргу, артыст павінен быць паважаны! Зараз музыкантаў шмат, і ўсё вырашаюць грошы. Маладыя могуць купіць сабе дарагую апаратуру і адразу ж іграць добрую музыку. Раней жа ўсё было па-іншаму: яе трэба было здабываць. І калі музыкант прыходзіў на сцэну, гэта ўжо азначала, што ён дамогся чагосьці крывёй і потам.
Каранацыя адпавядае часу ці не?
– З аднаго боку, маюць рацыю тыя, хто кажа, што каранацыя ўжо не тая. Насамрэч, яна засталася ў тым жа рэчышчы, але грамадства патрабуе іншага. Гэта можна параўнаць з тым, што цяпер дзеці ўмеюць чытаць у дзіцячым садзе, а мы толькі вучыліся гэтаму ў першым ці другім класе, каму як пашанцуе. З развіццём ўсё павінна мяняцца.
Дык трэба ці не трэба рок-каранацыя? Можа, яе час прайшоў?
– Вялікі гонар і хвала арганізатарам за тое, што яны ўвогуле рок-каранацыю падтрымліваюць! Адмовіцца ад фестывалю – тое самае, што выкінуць частку нашай гісторыі! Давайце закапаем яго, забудзем, адкрыем які-небудзь новы! І што тады? Можа, трэба зрабіць яе больш маштабнай і больш патрабавальнай да намінантаў? Як на Еўрабачанні: стварыць магчымасць галасавання па тэлефоне, праз Інтэрнэт.

Дзве узнагароды прыняў журналіст Павел Свярдлоў і паабяцаў перадаць іх гурту “Pomidor/off”.

Pomidor/off і не падумаў прыехаць за ўзнагародай, а Drum Extasy зламаліся недзе на паўдарозе
Танцы ў зале пачаліся пасля таго, як на сцэну выйшаў гурт “Зніч”. Да гэтага часу амаль усе вынікі былі абвешчаныя:
Выканаўцам года быў прызнаны гурт Аляксандра Памідорава Pomidor/off. Ён жа атрымаў “малую” рок-карону за найлепшую песню года — “Дым”. “Прарывам года” стаў гурт Akute. У намінацыі “Традыцыі і сучаснасць” перамог “Зніч”. “Альбом года” — “Зімачка”  гурта “Тройца”. “Вернасць традыцыям” — Drum Extasy. “Найлепшы поп-рок-гурт года” — “J:Морс”.

Тытул рок-князёўны атрымала Зоя Сахончык, вакалістка гурту “ЗМ99”. У намінацыі «Падзея года» рок-карону атрымала дырэктар Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Святлана Лакотка — за арганізацыю фэсту “Камяніца”.
Калі Алесь Птолічаў раскланяўся і сабраўся сыходзіць за кулісы, стала вядома, што Drum Extasy не прыедуць, і гурт “Зніч” атрымаў другую “хвіліну славы”. У выніку каранацыя аб’яднала амаль што два сольныя канцэрты. Але публіка не вельмі засмуцілася, і фестываль прадоўжыўся. Добра яшчэ, што “J:Морс” да Маладзечна даехаў!
Пасля канцэрта мне ўдалося трапіць да іх у грымёрную. Уладзімір Пугач на размову пагадзіўся, нават нягледзячы на тое, што адпрацаваў увесь канцэрт па максімуме і быў крыху стомленым…

“J:mors”.

Уладзімір Пугач: “Калі б мы ведалі, што нам дадуць карону, мы б іх адгаварылі гэта рабіць”
Для вас гонар удзельнічаць у рок-каранацыі?
– Гэта проста канцэрт. Нас сюды паклікалі не ў якасці намінантаў. Мы ўвогуле не планавалі нічога атрымліваць. І калі б мы ведалі, што нам будуць даваць нейкую карону, мы б паспрабавалі адгаварыць іх гэта рабіць. Нас сюды паклікалі сыграць фінальны канцэрт пасля таго, як скончыцца праграма рок-каранацыі. Вось мы для гэтага сюды і прыехалі. Карона, калі шчыра, была для нас нечаканасцю.
Гэта карона для вас паказчык?
– Шчыра кажучы, не зусім. Я не вельмі разумею крытэрыі, па якіх журы выбірае лепшых. Мінулы год і пазамінулы  ў нас нічым не адрозніваўся ад гэтага па прадукцыйнасці. Ну, дзякуй за тое, што атрымалі карону, амаль нічога не рабіўшы.
Як вы ўвогуле ставіцеся да рок-каранацыі?
– У нас з ёй складаныя зносіны. Справа ў тым, што ў 2006 годзе нам далі нейкую галоўную карону, але гэта было звязана з палітычнымі спекуляцыямі, і мы ад яе адмовіліся. Доўга нас за гэта лаялі. Потым яшчэ на паўгода забаранілі круціць на дзяржаўных радыёстанцыях. Я лічу, што музычны фестываль павінен быць музычным, а не палітычным, таму што дзе праўда, ніхто не ведае.
А як вы ставіцеся да меркавання, што рок-каранацыя “папсее”?
– Падзел музыкі на рок і папса – гэта перажытак. Музыка бывае добрая і дрэнная. У любым жанры. Людзі, якія ўсё яшчэ дзеляць яе, здаюцца мне недалёкімі. Я ведаю шмат поп-музыкантаў, якія могуць запаліць залу не горш за рок-музыкантаў. І ведаю шмат рок-музыкантаў, якія не могуць завесці залу. Усё залежыць ад ўзроўню. Артысты павінны спяваць песні, а не дзяліцца на поп і рок, насіць ружовыя кеды або закляпаныя бранзалеты. Лухта. Я б на месцы арганізатараў даўно пераназваў рок-каранацыю і клікаў бы розных артыстаў. Яны самі загналі сябе ў жанравыя рамкі, з якіх ім цяпер складана выбірацца.
Уладзімір, вы адразу пагадзіліся удзельнічаць у фестывалі?
– У нас з арганізатарамі рок-каранацыі выключна дзелавыя зносіны. Мы проста дамовіліся, таму і прыехалі: не ў якасці падтрымкі гэтага мерапрыемства, ні па якіх-небудзь творчых прычынах.
А ці ёсць гурты, якім павінны былі даць карону, але не далі?
– Вось лепш бы ім далі, а не нам, таму што для іх гэта значна важней.
А яны наогул ёсць у Беларусі?
– У многіх беларусаў ёсць нейкі комплекс непаўнацэннасці. А чаму ў Беларусі не павінна быць, калі ва ўсім свеце ёсць! Тут што, інваліды жывуць? Вядома, ёсць! Маса! Я думаю, таленавітыя людзі распаўсюджаныя па свеце раўнамерна. Таму карону, якую далі нам, лепш бы далі якому-небудзь маладому калектыву. Гэта было б добрым стымулам артысту-пачаткоўцу.
Значыць, вы лічыце, што карона павінна быць стымулам, а не узнагародай?
– Я да музычных узнагарод стаўлюся наогул скептычна. Я не вельмі разумею, як можна музыку ацэньваць нейкімі колькаснымі характарыстыкамі! Гэта ж не сабачыя або конскія скачкі, дзе хто першы прыбег, той і выйграў! Тут усё неяк вельмі суб’ектыўна: на ўзроўні падабаецца ці не падабаецца канкрэтным людзям, якія лічаць сябе экспертамі. Я ўвогуле не разумею, як можна быць экспертам у музыцы! Гэта ж лухта!
Настасся РОЎДА,
моладзевая рэдакцыя “РГ”.