Раённы аддзел следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы па разбурэнні помнікаў на праваслаўных могілках каля вёскі Вязынь. 9 красавіка пракуратура накіравала справу ў суд.

У злачынстве абвінавачаны 26-гадовы жыхар Вязыні Аляксандр Ш. Следствам было ўстаноўлена, што 15 лістапада 2011 года малады мужчына на могілках каля Вязыні разбіў і пашкодзіў 115 помнікаў. Агульная шкода, нанесеная сваякам памерлых людзей, склала 48 мільёнаў 968 тысяч 240 рублёў.

Аляксандр абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – “Хуліганства” і “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, якое прывяло да прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры”.

Абвінавачаны разбіваў помнікі ў стане алкагольнага ап’янення. Яго дзеянні следства характарызуе як выключны цынізм.

Па заключэнні стацыянарнай судова-псіхалагічнай экспертызы, Аляксандр у момант злачынства пакутаваў і пакутуе цяпер на прыдуркаватасць у форме ўмеранай разумовай адсталасці. Псіхіка ў маладога чалавека недаразвітая. Ад гэтага Аляксандр не можа засвоіць нават школьную праграму.

Абвінавачаны не можа адказваць за свае дзеянні і кіраваць імі. Ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы. Экспертыза выявіла таксама ў мужчыны сіндром залежнасці ад алкаголю (хранічны алкагалізм).

Людзі, якія пацярпелі ад дзеянняў Аляксандра, вымушаныя былі за свой кошт рамантаваць помнікі. Відавочна, што кампенсаваць затраты на рамонт Аляксандр не зможа.

Вадзім ШУКРЫНАЎ, намеснік пракурора Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.