У пятніцу, 6 красавіка, у Палацы культуры адбыўся справаздачны канцэрт эстраднай узорнай студыі “Экспромт” “Які цудоўны гэты свет!”. Кіруюць калектывам Нэлі і Алег Зайцавы.

Моманты канцерта.

Image 10315

Image 10315

Зала была поўная, апладысменты гучныя. Алег Зайцаў падзяліўся з “РГ” уражаннямі аб канцэрце.

Свабодных месцаў у зале было мала. Значыць, канцэрт атрымаўся?

– Я вельмі задаволены. Гэта, мабыць, першы канцэрт, якім я задаволены цалкам. Мы над гэтым доўга працавалі. Думаю, усё атрымалася.

– Колькі часу існуе ваш калектыў?

Нашаму калектыву – 22 гады, 15 з якіх студыя з’яўляецца ўзорным калектывам. Міністэрства культуры нам прысвоіла такое званне.  

– Скажыце, з чым звязаны справаздачны канцэрт?

– Ён звязаны з выпускам трох дзяўчат, якія вучацца ў 11 класе і збіраюцца ў гэтым годзе паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска. У мінулым годзе ад нас пайшлі дзве дзяўчынкі, а ў 2010 – чатыры. Мы заваявалі вельмі шмат прызоў на розных музычных конкурсах. Цяпер выпускнікі да нас прыязджаюць на святы.

– Колькі вы працавалі, каб падрыхтаваць сённяшні канцэрт?

Працавалі мы доўга, многа рэпеціравалі, апошні тыдзень быў напружаны. Нават сёння раніцай мы праганялі ўсю праграму. Кожны дзень быў распісаны, прадуманы і адпрацаваны.

– Ці прыйшлі да вас новыя дзеці?

– Так. На змену выпускнікоў прыйшлі маленькія, “баявое хрышчэнне” яны прайшлі восенню мінулага года на “Дажынках”.

– З якога ўзросту дзеці займаюцца ў студыі?

– Цяпер самому маленькаму дзевяць гадоў. А прымаем з сямі-васьмі гадоў. Са школьнага ўзросту.

– Па якіх крытэрыях выбіраеце дзяцей?

– Мы глядзім на голас, слых. Музычнай адукацыі можа і не быць, гэта неабавязкова. Бо, ведаючы нотную грамату, не ўсе возьмуць голасам такія піруэты, якія бяруць нашы дзеці. Для добрага спеву неабавязкова вучыць сальфеджыа.

– Што чакае ў будучым вашых выпускнікоў?

– Ва ўсіх добрая будучыня, але не ўсе ідуць вучыцца ў каледж мастацтваў ці акадэмію культуры. Такой мэты мы перад сабой не ставім. Але куды б ні паступілі – яны будуць запатрабаваны ў канцэртах, бо ўмеюць трымаць мікрафон і не баяцца сцэны. Напрыклад, дзве выпускніцы нашай студыі пайшлі далей творчым шляхам. Алеся Дзержавец спявае ў аркестры Фінберга. Наташа Салава выступае ў аркестры народных інструментаў імя Жыновіча. 

– Колькі цяпер дзяцей займаецца ў студыі?

Усяго 15 чалавек. Акрамя групавых песень рыхтуем і індывідуальныя. Хочацца, каб у кожнага не адна песня была, а шмат – дзесяць, дваццаць.

– Вы пішаце самі песні?

– Мы карыстаемся Інтэрнэтам для выбару фанаграмы. Выбіраем песні расійскіх, беларускіх, англійскіх выканаўцаў. Дзецям падабаецца самім выбіраць песні, яны адчуваюць рэпертуар блізкі па душы і голасе. З сотні песень, дадзеных на выбар, могуць адабраць толькі некалькі.

Дзе, акрамя канцэртаў, можна пачуць выканаўцаў студыі?

– Трэба зайсці ў сацыяльныя сеткі на “аднакласнікі” ці “ў кантакце”, знайсці Алега Зайцава, туды я выкладаю ўсе выкананыя творы.

Гутарыла Вольга ДЭКСНІС.