Якія ўспаміны прывезла з Чэхіі ўдзельніца клуба “Вербачка” Лана Сласцён? Чэшскі суп, храм святога Віта, беларуская мова і не толькі!

− Як толькі я выехала з Прагі, зразумела, што хачу туды вярнуцца! Людзі, якія нас сустракалі, былі надзвычай спагадлівыя − і рускія, і чэхі, усе. Спачатку толькі праз перакладчыка размаўлялі, на майстар-класе ў нас наогул усе мовы змяшаліся. Там ужо чэхі прыгадалі, што некалі вучылі ў школе рускую мову, а мы праз некалькі дзён пачалі трохі разумець чэшскую.

Наша перакладчыца размаўляла толькі на чэшскай і беларускай мовах, рускую не ведала. Там наогул часта чулі беларускую гаворку. Гэта трэба было прыехаць у Чэхію, каб пачуць беларускую мову!

На майстар-класе ў французскім ліцэі здзівіла, як дзеці слухаліся настаўніка. Ён ні разу не павысіў голас, а на яго глядзелі і слухалі, што той гаворыць.

Наогул чэхі вельмі любяць рабіць усё самі, нават калі гэта будзе каштаваць больш, чым калі набыць гатовае. І нашы вырабы ім спадабаліся.

З ежы запомніліся вафлі і марынаваны сыр − вельмі смачна! А яшчэ паспрабавалі чэшскі суп − з буханкі вымаюць мякіш і наліваюць у яе суп.

Білеты ў іх прадаюць не на адну паездку, напрыклад, у метро. А трэба набываць, скажам, на паўгадзіны, і на працягу гэтага часу можна катацца на ўсіх відах транспарту, акрамя таксі.

Вельмі прыгожыя будынкі XVIII-XIX стагоддзяў. Праўда, новая Прага, дзе сучасныя будынкі, нічым не адрозніваецца ад нашых шматпавярховак − адзін у адзін.

На майстар-клас прыйшлі і маладзечанцы, якія ўжо сем гадоў жывуць у Чэхіі. Аказалася, што мы ўсе хадзілі ў цяперашнюю гімназію №6.

Часу ў нас было вельмі мала, але атрымалася крыху пагуляць. Зайшлі ў “Тулкаў двор”, гэта нешта кшталту нашых “Дудутак”. Там запомнілася палка, якую выкарыстоўвалі на Вялікдзень. Хлопцы ёй “выхоўвалі” дзяўчат, каб былі больш пакладзістыя.

Вельмі ўразіў храм святога Віта, які можна разглядаць гадзінамі − і ўсё роўна ўсё не разгледзіш.

Эмоцый безліч. Калі нешта робіш, і гэта падабаецца іншым, то проста перапаўняе энергіяй − адкуль толькі столькі бярэцца!

Падрыхтавала Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Ланай СЛАСЦЁН.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: “Вербачка” прыехала з Чэхіі.