Іду раніцай міма магазіна і амаль кожны дзень бачу каля яго мужчын і жанчын, якія чакаюць адкрыцця крамы. Па іх бачна, што выпіваюць… Няхай сабе ўжо мужыкі п’юць, але ж і жанчыны таксама.

Пра праблему жаночага алкагалізму мы пагутарылі з вілейскім псіхіятрам-нарколагам і псіхолагам Марынай Скабей.
Асноўныя прычыны жаночага алкагалізму
Паводле слоў Марыны Скабей, прычын жаночага алкагалізму існуе шмат. Скажам пра асноўныя:
1. У сям’і ёсць дынастыя алкаголікаў. Жанчына расце ў гэтай атмасферы і ў дарослым жыцці сама пачынае піць.
2. Кола зносінаў. Гэта калі вакол жанчын – аматары спіртных напояў, напрыклад, на працы. Чалавеку з мяккай натурай і слабым характарам у такім выпадку цяжка адмовіцца ад спіртнога. Часта здараецца, што сяброўкі прыходзяць у госці са спіртным, каб проста пагутарыць.
3. Усёдазволенасць. Напрыклад, калі дзяўчына жыве ў сям’і, дзе бацькі знаходзяцца ў хранічным канфлікце. Ім не да дачкі. І яна ідзе на вуліцу. Там сустракае такіх самых сяброў і сябровак. У выніку дзяўчына пачынае выпіваць кожны раз, калі выходзіць на прагулку.
4. Трагічная ці стрэсавая сітуацыя ў жыцці жанчыны. Развод, расставанне з каханым, смерць блізкага чалавека – мужа ці дзіцяці. Дарэчы, жанчына цяжэй перажывае развод, чым смерць мужа. Бо ў такім выпадку яна адчувае сябе пакінутай і падманутай.
5. Фізіялагічная схільнасць. Яна звязаная з генетычна закладзеным генам. Але працэнт захворвання на алкагалізм у жанчыны ў гэтым выпадку невялікі. Медыкі лічаць, што ў прыёмнай непітушчай сям’і дачка можа вырасці алкагалічкай, калі яе родныя бацькі былі хворыя на алкагалізм.
6. Каб яму менш было. Жонка пітушчага мужчыны пачынае піць сама, каб мужу менш дасталася. У выніку жанчына ўцягваецца. Здараецца, яна пераймае дрэнную звычку мужа, каб не страціць яго.
7. Гультайства і распушчанасць. Жонкі багатых мужоў, якія сядзяць без працы дома, не ведаюць, чым заняцца. Здавалася б, усё ёсць – дзеці,  сям’я. Але такая жанчына не можа рэалізаваць сябе як асоба. Муж заўсёды на працы. Жанчына “губляецца” ў адзіноце і пачынае піць, а кантролю над колькасцю выпітага няма.
Па меркаванні Марыны Скабей, каб палепшыць сітуацыю ў сям’і пітушчай жанчыны, псіхолагу трэба працаваць з усёй сям’ёй. Бо блізкія людзі, якія знаходзяцца побач, сузалежныя ад стану алкаголіка. І галоўнае: каб палепшыць і змяніць сваё жыццё, самому хвораму трэба вельмі гэтага захацець.

На пытанні “РГ” па праблеме жаночага алкагалізму адказаў таксама нарколаг-псіхіятр вілейскай паліклінікі Максім Поклад.
Пра стадыі і лячэнне алкагалізму
– Колькі ўсяго людзей стаіць на ўліку ў нарколага?
– Калі казаць пра статыстыку, то хворых на алкагалізм у нашым горадзе каля 1400 чалавек. Тых, хто стаіць на ўліку. Сярод іх каля 400 жанчын. Але ёсць і тыя, хто лечыцца платна, ананімна альбо не лечыцца. Думаю, каб атрымаць прыблізную колькасць алкаголікаў у Вілейцы і раёне, трэба колькасць зарэгістраваных памножыць на шэсць. Атрымліваем 8 400 чалавек. А гэта значыць, што кожны пяты жыхар горада і раёна мае першую ці другую стадыю алкагалізму.
– Як можна “зарабіць” першую стадыю алкагалізму?
– Вельмі проста – піць алкагольныя напоі тады, калі гэтага не хочаш і не збіраўся ўвогуле. Напрыклад, калі чалавек ідзе на вяселле, ён разумее, што будзе піць два дні, і гэта нармальна. Але калі пасля такой праграмы ён пачынае піць і трэці дзень, то гэта ўжо сігнал. Пры першай стадыі  алкагалізму чалавек не адчувае прынятай дозы алкаголю, у яго можа быць цяга. Таксама ён не адчувае, што мае залежнасць. У такіх выпадках рэдка звяртаецца па дапамогу, не трапляе ў бальніцу. У яго могуць быць запоі, але раніцай ён не пахмяляецца.  А калі ў чалавека з’яўляецца пахмелле, пасля якога і на наступны дзень зноў дрэнна, то гэта можна лічыць другой стадыяй. Найчасцей, такіх мы і ставім на улік. А пры першай стадыі мы праводзім гутаркі.
– З якой стадыяй алкагалізму да вас звяртаюцца хворыя жанчыны?
– Часцей з другой. Яны трапляюць у бальніцу з інтаксікацыяй, а потым ужо да нас на ўлік. Іх узрост – ад 18 да 50 гадоў. Самай маладой дзяўчыне, якая трапіла ў бальніцу з сутаргавымі прыступамі, было 16 гадоў. Яна тады ўжо мела другую стадыю алкагалізму. Цяпер яна стаіць на ўліку.
– Які алкагалізм прагрэсіруе хутчэй: жаночы ці мужчынскі?
– Жаночы. Гэта закладзена на генетычным ўзроўні. Жанчына хутчэй губляе сацыяльны і сямейны статус, працу. У яе пачынаюцца праблемы з выхаваннем дзяцей. Мужчына больш адаптаваны. Ён  можа хутчэй атрымаць саму хваробу, але даўжэй трымацца ў сваім сацыяльным жыцці на адным узроўні – хадзіць на працу, жыць у сям’і.
– Чым можна вылечыць алкагалізм?
– Мы лечым медыкаментамі на стацыянары і дзённым стацыянары. Таксама я як псіхіятр правожу сеансы псіхатэрапіі. Цяпер ёсць таблеткі, якія дапамагаюць пазбегнуць алкагольных зрываў, і гэта навукова даказана. Ці дапамагчы так, каб людзі менш ужывалі алкагольныя напоі.
Калі ў вас ёсць праблемы з алкаголем, але вы вырашылі жыць паўнавартасна, патэлефануйце, і вам дапамогуць кваліфікаваныя спецыялісты:
• “Вілейскі тэрытары­яльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання”, аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, псіхолагі:
8 (01771) 5-45-31,
5-44-30, 5-44-56.
• Вілейская раённая паліклініка, псіхіятр-нарколаг: 8(01771) 5-55-61.
Вольга ДЭКСНІС.

Фота smi.newportal.com.ua