Абсалютнымі пераможцамі сёлетняга адкрытага рэгіянальнага конкурсу ансамбляў “Веснавы праменьчык” сталі ансамбль габояў “Хаўтбойс” і вакальны “Сюрпрыз” Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Конкурс праводзіўся 18-ы раз і ўпершыню адбываўся на працягу двух дзён: 18 і 19 красавіка. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 40 ансамбляў з розных мясцін Беларусі: Навагрудка, Жодзіна, Магілёва, Барысава і іншых. Удзельнікі змагаліся ў двух намінацыях.

У першы дзень конкурсу праслухалі духавыя і ўдарныя ансамблі. Гран-пры ў намінацыі атрымаў ансамбль габояў пад кіраўніцтвам дырэктара Маладзечанскай школы мастацтваў Уладзіміра Яцыновіча. Прыз – тэлевізар.

У старэйшай узроставай групе (ад 12 да 15 гадоў) першае месца заняў калектыў са Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У малодшай узроставай групе дыплом першай ступені не атрымаў ніхто, а другой ступені падзялілі калектывы з Магілёўскай школы мастацтваў №1 і школы мастацтваў з Бераставіцы (Гродзенская вобласць).

У другі дзень праслухоўвалі вакальныя ансамблі. Гран-пры і гітару ў падарунак атрымаў вакальны ансамбль Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў “Сюрпрыз” пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько. Летась гэты калектыў таксама перамог у конкурсе “Веснавы праменьчык”.

Першае месца ў малодшай узроставай групе атрымаў хор хлопчыкаў Маладзечанскай школы мастацтваў таксама пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько. А ў старэйшай узроставай групе лепшымі сталі ўдзельнікі ансамбля Клецкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Нупрэйчык.

Спецыяльны прыз ад “Рэгіянальнай газеты” атрымаў ансамбль са Смалявічаў пад кіраўніцтвам Надзеі Шаблюк.

Спецыяльныя прызы ад Беларускага саюза музычных дзеячаў атрымалі ансамблі Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Петрусевіч і пад кіраўніцтвам Наталлі Кірчук.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Уладзімірам ЯЦЫНОВІЧАМ.