Калі бацькі ў жыцці не змаглі па нейкай прычыне рэалізаваць свае магчымасці, то са з’яўленнем на свет дзяцей яны ўскладаюць надзеі на іх.

Але нашы дзеці – гэта не мы ў дзяцінстве, яны стаяць на прыступку вышэй за нас. Яны па-іншаму ўспрымаюць свет, бачаць яго больш аб’ёмным, магутным.
А ў “клетцы” аказваюцца па віне дарослых, калі бацькі амбіцыйныя і спрабуюць зрабіць так, каб дзеці ўвасобілі ў жыццё іх нерэалізаваныя мары.

Вось прыклад: мама мае даволі высокія разумовыя здольнасці, але па нейкай прычыне ёй не ўдалося іх рэалізаваць, жыццё яе як бы недаацаніла. Амбіцыі прымушаюць яе бачыць у сыне таго, хто зможа “ўзнавіць”, як здаецца маці, справядлівасць. І ўсё жыццё гэтай сям’і зацыкліваецца на пошуку ў дзіцяці задаткаў геніяльнасці.

Маці лічыць сваё дзіця супер-дзіцем, і гэта часта паўтараецца ўслых. Усё гэта чуе і дзіця і пачынае захапляцца сабой. Так сям’я пачынае фарміраваць у дзіцяці паняцце яго надзвычайнасці. Але завышаная самаацэнка становіцца перашкодай на шляху развіцця.

Адна дзяўчынка-школьніца на прыёме ў школу расказвае псіхолагу пра сваю маму: “Уяўляеце, яна не ведае, хто такі каала!” У дзіцячых садах стала модна праводзіць конкурсы інтэлекту. Гэта было б добра, калі б у выніку тое ці іншае дзіця не даведалася, што яно “самае-самае”. Падобнае імкненне дарослых паарыгінальнічаць, нічога, акрамя шкоды, дзіцяці не прыносіць.

У школе мамы такіх разумнікаў стараюцца абагнаць праграму, патрабуюць перавесці дзіця праз клас. А часцей за ўсё, як паказваюць псіхалагічныя даследаванні, – гэта проста разумныя дзеці, якія проста “захлёбваюцца” ад адчування ўласнай велічыні.
Прыклады з маёй практыкі паказваюць, што часам нават з паняційным мышленнем, логікай у такіх дзяцей не ўсё ў парадку. Арыгінальнасць мышлення дэзарыентавала дарослых. Максімум інфармацыі некаторыя з іх накапілі дзякуючы выдатнай памяці, але ў выніку ў іх “скарбонцы” ўсяго становіцца так многа, што яны самі ў ёй губляюцца. Прымяняць свае веды ўдаецца нямногім.
Статыстыка сведчыць, што лёс дзяцей, якія ў дзяцінстве мелі парасткі геніяльнасці, незайздросны. Шмат каму, нават большасці, не ўдаецца знайсці, рэалізаваць сябе ў жыцці. Ёсць і інфармацыя аб суіцыдах. Словам, усё гэта не так проста.
Таму я звяртаюся да бацькоў, педагогаў. Будзьце асцярожныя, не губіце душу дзіцяці. Выступайце ў ролі строгіх і патрабавальных партнёраў,  дапамагайце ў жыцці правільна распарадзіцца інтэлектуальным патэнцыялам дзіцяці, што дадзены яму прыродай.
А калі дзіця і сапраўды адоранае, што трэба рабіць. Псіхолагі адкажуць: “Нічога! Проста быць побач”.
Тамара МАЛЕВІЧ, псіхолаг, Маладзечна.

Даведка “РГ”. Тамара Іванаўна Малевіч. Практычны псіхолаг вышэйшай катэгорыі. Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь. Адзін з самых дасведчаных псіхолагаў Маладзечна. У сваёй прафесіі больш за 20 гадоў. Захопленая псіхалогіяй. Лічыць сябе чалавекам пароды выратавальнікаў. Прафесійныя адносіны з людзьмі ўмее перавесці ў асабістыя. Артыкулы Тамары Малевіч – плод роздумаў пра чалавека, яго прызначэнні на зямлі. Роздумаў пра дабро і зло, гонар і годнасць.

Ад рэдакцыі. Аўтар запрашае чытачоў “РГ” да дыялогу. Выкажыце сваё меркаванне пра артыкулы Тамары Малевіч. Задайце ёй пытанні на любыя тэмы, якія вас хвалююць. Спытайце парады. Зрабіць гэта можна ў каментарах.

Чытайце і іншыя артыкулы Тамары Малевіч: Дзіцячыя псіхатраўмы – вынік распаду сям’і