У дзень Свята працы ў Маладзечне адбылося адкрыццё гарадскога парку. Святкаваць выйшла столькі гараджан, колькі, прызнаецца адміністрацыя парку, яны не чакалі.

Першыя дзве гадзіны атракцыёны былі бясплатныя, а пасля на іх трэба было набываць білет. У парку ўтварылася чарга перад касамі, на самі атракцыёны людзі чакалі чаргі не толькі таму, што было шмат ахвотных, але і таму, што ў дзяжурных па атракцыёнах не хапала білетаў і грошай для рэшты.

Аляксандр Фалей прадае білеты.

Дырэктар парку Аляксандр Фалей сам прадаваў білеты, каб дапамагчы разгрузіць сітуацыю.

– Я сёння ледзь хаджу, – падзяліўся Аляксандр Фалей на наступны дзень. – Нас наведала больш за дзве тысячы чалавек, гэта куды больш, чым мы разлічвалі. Парк цяпер прыгожы, людзям прыемна сюды прыйсці. Былі недахопы з боку нашай арганізацыі, але цяжкасці гэтыя зразумелыя. Усе хібы мы ўлічылі, будзем выпраўляць. Усё наладзіцца ў працэсе працы. Гэта выдатна, што было столькі наведнікаў, дзякуем ім. І, безумоўна, дзякуем “Камунальніку” за падрыхтоўку парку да працоўнага стану.

Дашкольнікі ў парку, здавалася, не маглі стаміцца – яны бегалі на адны і тыя ж горкі, каталіся на цягнічку і ланцуговых арэлях. Старэйшых дзяцей, якія сядзелі на батуце, больш займаў мабільны тэлефон.

Батут быў не ўсім аднолькава цікавы.

– Нават на маленькіх горках цікава катацца, – з веданнем справы распавяла чатырохгадовая Даша. – А калі горача, то мы да фантана падыдзем, ад яго вада на шчочкі пырскае.

Напярэдадні Першамая запрацаваў фантан каля Цэнтральнай плошчы, у які маладзечанцы пачалі кідаць беларускія грошы.

Фантан каля Цэнтральнай плошчы.

Парк Перамогі працуе па выхадных з 10 да 21 гадзіны, па буднях з 13 да 20. Панядзелак і аўторак – выхадныя.

На атракцыёне.

Каля сцэны на Цэнтральнай плошчы.


Зоя ХРУЦКАЯ.