Ірландскія валанцёры каля Вілейскай школы-інтэрната будуюць дзіцячую гульнявую пляцоўку ў выглядзе драўлянага пірацкага карабля. Працаваць пачалі 28 красавіка. Скончыць плануюць 5 мая.

У інтэрнат ірландскія валанцёры прыехалі разам з перакладчыкамі. Усяго 41 чалавек.

 Госці  прадстаўляюць дабрачынны фонд “Lets go”. Дырэктар фонду Эн Келі ў інтэрв’ю “РГ” распавяла пра тое, што робяць ірландцы ў Беларусі, і пра карабель, які яны будуюць на тэрыторыі інтэрната. Дапамагала нам размаўляць перакладчыца Алена Емяльянава.

Па словах Эн Келі, разам са сваім мужам Браянам у 2004 годзе яны прыехалі ў Беларусь у вілейскую школу-інтэрнат, рамантавалі душавыя кабінкі.

– І з таго часу ваша краіна засталася ў нашым сэрцы, – кажа суразмоўца “РГ”. – Мы два разы на год сюды прыязджаем. Першы раз ў красавіку – рамантуем нешта, будуем, а другі раз – у снежні, робім калядны лагер, сустракаем Новы год. Летам забіраем дзяцей у Ірландыю, дзе яны жывуць у нашых сем’ях.

Намесніца дырэктара па вучэбнай працы школы-інтэрната Марыя Дзяруга расказала нашаму выданню:

— Нашы дзеці ўжо каля пяці гадоў ездзяць у Ірландыю. У гэтых паездках яны могуць набыць сямейны вопыт, паглядзець, як выглядае сям’я знутры. У інтэрнаце створаныя добрыя ўмовы для жыцця дзяцей. Але іх немагчыма было б стварыць без Эн, Браяна і іх валанцёраў.

Сёлета валанцёры робяць дзіцячую гульнявую пляцоўку ў выглядзе пірацкага карабля. Карабель будзе даўжынёй каля 15 метраў. Працы шмат. Таксама будуць зробленыя пясочніца і арэлі. Дзеці дапамагаюць гасцям. Узвядзенне карабля –  сумесная праца.

Эн Келі расказвае:

– Мы як арганізатары валанцёрскай арганізацыі ладзім дабрачынныя вечары, на якіх выступаюць ірландскія выканаўцы песень і танцаў. Праводзім канцэрты. Валанцёры пякуць самі пірагі і рэалізуюць іх. Наведнікі гэтых вечароў плацяць па 100 еўра за білет. Такім чынам і збіраюцца грошы на нашу валанцёрскую дзейнасць.

Па словах Эн, акрамя гэтага, калі валанцёры едуць у Беларусь, кожны з іх уносіць 1000 еўра.  Гэта расходы на білеты, харчаванне і іншае.

Сярод валанцёраў адна амерыканка, пяць англічан, сем беларусаў, ірландцы і два палякі. Усе пералічаныя, акрамя беларусаў, жывуць у Ірландыі.

У жыцці займаюцца хто чым. Ёсць банкаўскія работнікі, цырульнікі, пенсіянеры, электрыкі, будаўнікі, сацыяльныя работнікі, сантэхнікі.

Валанцёры не выпускаюць з рук дзяцей. Хто гуляе з імі ў футбол, хто стрыжэ, хто робіць карабель, а хто проста так сядзіць і размаўляе на лаўцы. І нікому не перашкаджае моўны бар’ер, бо для добрых учынкаў няма ніякіх перашкод. Гэты было добра бачна па ўсмешках на тварах дзяцей.

Вольга ДЭКСНІС.

Фота Вольгі ДЭКСНІС.