Мы пазнаёмілі вас з гісторыяй першай сурагатнай маці ў Вілейцы. Цяпер сваёй гісторыяй падзялілася Марыя – генетычная маці.

Марыя – наша зямлячка. Родам з Беларусі. Працавала настаўніцай  беларускай мовы і літаратуры. Была замужам.
 Свой першы шлюб лічыць няўдалым. Муж, даведаўшыся пра тое, што пасля цяжкай аперацыі жанчына не зможа мець дзяцей, пакінуў яе і пайшоў жыць да іншай.
– Пасля таго, як я зацяжарала і дзіця памерла, яшчэ не нарадзіўшыся, ратаваць трэба было ўжо не немаўля, а мяне, – расказвае Марыя. –  Я была тады зусім маладая: плакала некалькі дзён, не ўстаючы з ложка. Прызнаць тое, што не магу мець дзяцей, і тое, што страціла каханага чалавека, здавалася немагчымым.

Марыя пасля таго выпадку доўга лячылася. Але ўсё безвынікова. Толькі пахаваць надзею на мацярынства не змагла і праз нейкі час паглядзела ў будучыню іншымі вачыма. У гэтым ёй дапамог доктар-псіхатэрапеўт.

Пасля разводу задумалася аб іншым жыцці, у іншай краіне. Жанчыне хацелася ўцячы туды, дзе пра яе і яе праблему ніхто не ведае:
– Аднойчы на семінары ў Мінску пазнаёмілася з настаўнікам з Балгарыі. І так атрымалася, што праз пэўны час ён стаў маім мужам. У Міхаіла ёсць беларускія карані, але змалку ён жыў у Балгарыі. Вось такое адбылося супадзенне.
Марыя 20 гадоў жыве ў Балгарыі. Спачатку шукала працу, не ведаючы балгарскай мовы, але яна валодала англійскай.
Час ішоў, дзяцей не было, а яны вельмі хацелі іх мець:
– Цяжка было ўсведамляць, што я не такая, як іншыя жанчыны. Была ў мяне думка ўзяць дзіця з прытулку, хацела зусім немаўлятку, але Міхаіл быў супраць гэтай ідэі.
Муж нашай зямлячкі крыху за яе маладзейшы, ён таксама перажываў, што не можа стаць бацькам, але выгляду не падаваў. Марыі вельмі хацелася сапраўднай сям’і: муж, жонка, дзеці…

Гадоў шэсць таму Міхаіл  чытаў артыкулы ў Інтэрнэце пра бясплоддзе. І неяк выпадкова нарваўся на аб’яву з Беларусі аб сурагатным мацярынстве. Марыя да таго часу амаль забылася пра сваю мару аб дзіцяці.  Муж прапанаваў ёй звязацца з фірмай, якая займалася пошукам сурагатных матуль.
Усё абмеркаваўшы, патэлефанавалі па рэкламе. Сума, якую назвалі  на тым канцы проваду, уразіла – яна была вельмі вялікая. У яе ўваходзіла выплата фірме,  жанчыне, якая вынасіць дзіця, яе ўтрыманне, так званая зарплата кожны месяц, аналізы – Марыі і мужа, захаванне замарожанага эмбрыёна.

Пасля параўнання цэннікаў з іншымі краінамі, аказалася, што вынасіць дзіця сурагатнай маці ў Беларусі і ва Украіне танней, чым дзе. Ва Украіне танней за ўсё – 7 тысяч долараў.

– Мне трэба было прадаць маёмасць, каб пачаць праграму. Але жаночае шчасце і жыццё маленькага дзіцяці не вартыя ніякіх грошай, – кажа Марыя.
Беларуская фірма накіравала пару ў цэнтр экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Каля паўгода Марыя і Міхаіл правялі ў Беларусі, здаючы аналізы. Жанчыне нават давялося пакінуць працу.
Даволі складанай была працэдура адбору палавых клетак. Яйцаклетак для апладнення павінна было быць не менш за тры.
Пакуль медыкі рабілі сваю справу – апладнялі клеткі, каб атрымаць эмбрыёны, – балгарскай пары падшуквалі сурагатную маці.
Ужо амаль пяць гадоў эмбрыёны знаходзяцца ў цэнтры рэпрадукцыйнай медыцыны. Гісторыя не была спачатку такой, як хацелася.
Так атрымалася, што да сурагатнай маці Наталлі ў кандыдатах былі дзве жанчыны. Першая вельмі доўга рыхтавалася да мацярынства, а потым высветлілася, што яна хворая.
Другая жанчына перад самай падсадкай эмбрыёнаў адмовілася ад праграмы. Яна знайшла працу і не захацела зацяжарваць.
Марыі ўжо ёсць пяцьдзесят. У Беларусі гэта самая вялікая ўзроставая катэгорыя, па якой можна знаходзіцца ў праграме сурагатнага мацярынства. На тых жанчын, якія не падышлі, Марыя і Міхаіл патрацілі вельмі шмат часу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што дзіця ў сям’і так і не з’явілася.

На нейкі час Марыя адмовілася ад удзелу ў праграме ЭКА – не было больш сіл.
З Наталляй, цяперашняй сурагатнай маці, Марыя пазнаёмілася гэткім жа чынам, як і з іншымі жанчынамі, – праз фірму.
Заказчыцы спадабалася, што кандыдатка на сурагатную маці мае дваіх дзяцей, а таксама мужа:
– Мы з ёй сустрэліся толькі пасля трох месяцаў падрыхтоўкі, – дзеліцца Марыя. – Наталля – добры чалавек, вельмі спакойная жанчына. Яна пры сустрэчах мяне вельмі падтрымлівала, і ў мяне не засталося сумненняў, што нарэшце ўсё атрымаецца. Калі была ў Беларусі, старалася сустракацца з ёй як мага больш, каб бліжэй пазнаць і пазнаёміцца.

Мы хадзілі разам на прыём да доктара, сядзелі ў чэргах, а таксама ў кафэ, проста размаўлялі аб сваім, жаночым. Мне было вельмі цяжка з ёй расставацца, бо яна – мой шанец на іншае жыццё. Магчыма, апошні шанец.

Марыя і Наталля з Вілейкі дамовіліся, што будуць перапісвацца праз электронную пошту і гутарыць па тэлефоне. І з таго моманту, як генетычная маці паехала ў Балгарыю, яны размаўляюць кожны дзень.
Марыя лічыць Наталлю шчаслівай, бо ў той ёсць свае дзеці. Яны дамовіліся з Наталляй, што калі тая народзіць, то прыедзе ў госці да Міхаіла і Наталлі. А можа, і застанецца там назаўсёды.

Як замарожваюцца эмбрыёны?
У шматлікіх фантастычных кнігах і фільмах выкарыстоўваюць сюжэт замарожвання людзей – спыніў час, перачакаў цяжкі перыяд, адагрэўся і пайшло жыццё далей. Неверагодна, але ў многіх клініках ЭКА гэта звычайная працэдура. У большасці клінік, на жаль, усё яшчэ выкарыстоўваюць “павольнае замарожванне”.

Гэту працэдуру ажыццяўляюць такім чынам: эмбрыён пераносяць з прабіркі з пажыўным растворам ў асяроддзе з крыапратэктарамі (рэчывамі, якія абараняюць клеткі ад перамарожвання) і вытрымліваюць каля 10 хвілін. Эмбрыёны з крыапратэктарным асяроддзем доктар засмоктвае ў пластыкавыя саломінкі (такія, як і ў кафэ падаюць з кактэйлямі). Але яны толькі карацейшыя, танчэйшыя і зробленыя з не таксічнага пластыку. Акрамя таго, у гэтых саломінак ёсць «корачак» для запячатвання.

На саломіне з эмбрыёнам пішуць нязмыўным маркерам прозвішча пацыенткі, нумар яе карты, дату замарожвання і парадкавы нумар саломінкі. Так што пераблытаць іх пры размарожванні немагчыма. Далей саломінку з эмбрыёнам пачынаюць павольна замарожваць. Рабіць гэта трэба вельмі павольна, з пастаяннай хуткасцю паўградуса ў хвіліну. Захоўваецца эмбрыён пры тэмпературы мінус 196 градусаў.
Замарожаныя эмбрыёны могуць захоўвацца некалькі дзясяткаў год
Замарожаныя эмбрыёны могуць захоўвацца, колькі спатрэбіцца, нават некалькі дзясяткаў гадоў. Калі яны захоўваюцца ў вадкім азоце, уся метабалічная актыўнасць клетак пры такой нізкай тэмпературы спыняецца.
У Аўстраліі ў 1983 годзе ўпершыню былі зарэгістраваныя роды жанчыны з  перасаджанымі эмбрыёнамі, якія перанеслі замарожванне дваццаць год.
У Беларусі паспяхова прымяняецца замарожванне і адтаванне эмбрыёнаў з 1998 года.
Будучыя бацькі павінны памятаць пра зачатых дзяцей у прабірцы
Вельмі важна, каб пацыенты падтрымлівалі кантакт з клінікай, у якой знаходзяцца іх эмбрыёны. Па заканчэнні кожнага аплачанага перыяду захоўвання пацыенты павінны праінфармаваць клініку пра тое, якім чынам яны хацелі б у далейшым распарадзіцца іх лёсам:
1. Працягваць захоўванне крыакансерваваных эмбрыёнаў.
2. Зрабіць перанос эмбрыёнаў ў матку да заканчэння аплачанага тэрміну захоўвання.
3. Утылізаваць эмбрыёны (знішчыць).
4. Перадаць для навуковых даследаванняў.
5. Аддаць іх бясплоднай шлюбнай пары.
6. Перавезці эмбрыёны з адной клінікі ў іншую.
Які працэнт выжывання эмбрыёнаў пасля замарожвання
і адтавання?
Не ўсе эмбрыёны добра пераносяць працэс замарожвання і адтавання. У клініцы з добра адладжанай праграмай крыакансервацыі працэнт выжывання эмбрыёнаў складае 75 – 80%. Пашкоджанне эмбрыёнаў адбываецца як вынік крыакансервацыі, але не ў перыяд захоўвання эмбрыёнаў, а ў ходзе іх замарожвання і адтавання. Таму каб атрымаць два-тры эмбрыёны добрай якасці для пераносу ў матку, можа, трэба будзе размарозіць некалькі эмбрыёнаў.
Вольга ДЭКСНІС.