Штрафы за смецце, якія людзі быццам бы выкідалі ў лесе, ляснічыя і леснікі Вілейскага доследнага лясгаса аплачвалі… самі. Не з высакародных меркаванняў, а з карысных. Следчы камітэт ўзбудзіў крымінальныя справы супраць чатырох работнікаў лясгаса.

Справы ўзбуджаныя напрыканцы мая па артыкуле “Злоўжаванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”. Злачынствы былі здзейсненыя ў 2011 годзе. Супрацоўнікі групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі райаддзела міліцыі раскрылі іх у красавіку і маі 2012 года. 

Згодна з праведзенымі праверкамі, чатыры работнікі лясгаса склалі не менш за восем пратаколаў на жыхароў мясцовых вёсак, якія нават не здагадваліся, што, аказваецца, выкідвалі ў лесе смецце і былі за гэта пакараныя. Кантынгент падазроныя ў злачынствах выбіралі адпаведны – п’яніцаў і бамжоў. Пасля складання пратаколаў леснікі і ляснічыя прызначалі мінімальны штраф за кожнае правапарушэнне – адну базавую велічыню (на 2011 год гэта 35 000 рублёў), а пасля самі ж аплачвалі гэтыя штрафы.

Навошта? Рабілі яны гэта для таго, каб стварыць бачнасць добра пастаўленай работы, пазбегнуць пакарання свайго кіраўніцтва за недапрацоўкі і паказаць выкананне прагнозных паказчыкаў.

Паводле закона, дзеянні падазроных у злачынствах прывялі да скажэння дзяржаўнай справаздачнасці і нанеслі шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным інтарэсам.

Калі справы дойдуць да суда, кожнаму з гэтых работнікаў лясгаса пагражае ад двух да шасці гадоў зняволення са штрафам альбо без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Па звестках пракуратуры Вілейскага раёна, неўзабаве ў адносінах да яшчэ некалькіх работнікаў Вілейскага лясгаса будуць узбуджаныя крымінальныя справы за такія ж дзеянні. Вядома таксама, што падобныя злачынствы выяўленыя і ў некаторых іншых раёнах Мінскай вобласці.

Вадзім ШУКРЫНАЎ, намеснік пракурора Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.