Калі я даведалася, што ў маладзечанскім драмтэатры пройдзе гэты вакальны конкурс, то проста не магла не пайсці.

       Прама на ўваходзе мне далі папяровую зорку і патлумачылі, што трэба будзе галасаваць за ўпадабаную пару. Усяго іх апынулася сем. Самым дзіўным стала абсалютная неадпаведнасць узростаў. У кожным дуэце быў школьнік і акцёр драмтэатра. Прычым ўдзельнічалі ўсе: ад першакласнікаў да выпускнікоў.

       Канцэрт атрымаўся незвычайна цікавым. Ацэнкі ў журы таксама былі арыгінальнымі: толькі залатыя і сярэбраныя зоркі. Але, уявіце сабе, ні адна срэбраная зорка так і не была паднятая! Па гэтай прычыне пераможца давялося выбіраць зале. Вось тут папяровыя зоркі і спатрэбіліся. Мой голас ні на што не паўплываў. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў чацвёрты дуэт Германа Войніча і Людмілы Рошчынай. Я не вельмі гэтаму здзівілася, таму што заняла крэсла побач з аднакласнікамі Германа, якія актыўна за яго балелі. А іх там, трэба сказаць, сабраўся цэлы клас!

       Зрэшты, усе нумары былі годнымі. Асабліва мяне ўразілі дэкарацыі, касцюмы і абыгрываннем нумароў. За гэтую частку маленькага прадстаўлення ўзяліся самі акцёры. На плечы школьнікаў легла адказнасць за годнае вакальнае выкананне. Так што ў кожнай пары ішло ўзаемнае навучанне.

       У тэатры мне ўдалося пагаварыць з арганізатарам конкурсу, намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы школы № 2, Валянцінай Шыкавец.

-Спадарыня Валянціна, хто дапамагаў ператвараць у жыццё вашу ідэю стварэння гэтага шоў?

-Задумку ўхваліў Алег Чэчанеў. У школе збіраліся правесці такое мерапрыемства яшчэ ў верасні. Хацелі, каб дзеці выступалі з бацькамі. Але, як вядома, не ўсе таты і мамы пагодзяцца выйсці на сцэну. Таму паклікалі акцёраў.

-Як усё пачыналася?

-Пачатак быў вельмі пакутлівым і доўгім. Спачатку я прапанавала праект Алегу Чэчаневу, пасля мы абмяркоўвалі яго з Юрыем Крывенькім, дырэктарам тэатра. Потым наступіла зацішша. І толькі калі праз два тыдні я пацікавілася, што ж з нашым праектам, справа пайшла. Зрабілі праслухоўванне дзяцей і сталі фармаваць дуэты. Выбар песень быў за дзецьмі. Акцёры на ўсё згаджаліся. Праўда, былі праблемы з фанаграмамі, бо трэба было, каб песня падыходзіла кожнаму пад голас.

-Колькі часу сышло на падрыхтоўку?

-Праект рыхтаваўся 3 тыдні. Дзеці прыходзілі сюды, спявалі. Спачатку, вядома, радасці ў акцёраў было мала. Бо гэта вельмі сур’ёзная дадатковая нагрузка. Яны цяпер былі не проста акцёрамі, але і педагогамі. Дзеці выходзілі на сцэну і проста стаялі. Гэта акцёры прыдумлялі нейкія нумары. А потым я стала назіраць, як у акцёраў загараюцца вочы. Гэта значыць, калі ў дзяцей яны першапачаткова гарэлі, то апошнім быў патрэбен час. А потым з’явілася суперніцтва. «Я не хачу, каб мой нумар быў горшым», – казалі дзеці.

Хто ўвайшоў у журы?

-Журы атрымалася такім: дырэктар нашай школы № 2, прадстаўнік БРСМ гарадскога камітэта, прадстаўнік аддзела культуры, прадстаўнікі па справах моладзі і аддзела адукацыі.

-А касцюмы як падбіраліся?

-Хтосьці рабіў сам, хтосьці браў у касцюмернай у тэатры. Ведаю, што першакласніцы шылі сукенку спецыяльна на заказ.

-Дык чаму ўсё ж такі «Дзве зоркі»? Ёсць нейкая аналогія з праектам на першым канале?

-Не, не, не! Тут ёсць зорка дзіцяці і зорка акцёра. Ды і правілы праектаў зусім не супадаюць.

       Ну, а так як журы з выбарам не вызначылася, дыпломы атрымалі ўсе, толькі кожны ў сваёй намінацыі:

  1. «Самы дружны дуэт» – Анастасія Васілевіч і Эмілія Ларыёнава;
  2.  «Самы артыстычны дуэт» – Паліна Даманава і Дзяніс Фешчанка;
  3. «Самы патрыятычны дуэт» – Дар’я Курсакова і Дзяніс Аксёнаў;
  4.  «Самы галасісты дуэт», які атрымаў прыз «Гледачовых сімпатый» – Герман Войніч і Людміла Рошчына;
  5. «Самы аптымістычны дуэт» – Аліна Курсакова і Аляксандр Пашкевіч;
  6. «Самы запальны дуэт» – Вера Лявіцкая і Павел Еўтушэнка;
  7. «Самы арыгінальны дуэт» – Марыя Селяўка і Алег Чэчанеў.

Настасся Роўда.