100 дзяцей з чарнобыльскай зоны, якія праходзяць аздараўленне ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Надзея-ХХІ стагоддзе”, што ў Вілейскім раёне, у аўторак, 19 чэрвеня, у Кіеве паглядзелі гульню Чэмпіянату Еўропы па футболе паміж зборнымі Швецыі і Францыі.

Запрасіў нашых дзяцей на матч не хто-небудзь, а прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі футбола Мішэль Плаціні, расказала ў інтэрв’ю “РГ” вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю “Надзеі” Ларыса Якавюк.

На момант інтэрв’ю з Ларысай, 20 чэрвеня, у 14 гадзін 45 хвілін, два аўтобусы з беларускімі дзецьмі стаялі на ўкраінскай мяжы і выязджалі на радзіму. Суправаджае беларускую дэлегацыю калега Ларысы Якавюк Таццяна Майсак.

Па словах Ларысы Якавюк, Мішэль Плаціні не толькі выдзеліў нашым дзецям 100 білетаў на гульню, але і аплаціў усе выдаткі на падарожжа ва Украіну.

Вандроўка адбылася ў тым ліку дзякуючы даўняму сяброўству “Надзеі” з нямецкім футбольным спецыялістам, былым галоўнага трэнерам зборнай Беларусі Бердтам Штанге і сувязям Штанге з Мішэлем Плаціні.

Ларыса Якавюк расказала, што за дзень да ад’езду ў Кіеў, у панядзелак, 18 чэрвеня, Бердт Штанге сустрэўся ў “Надзеі” з дзецьмі і правёў майстар-клас па футболе.

Гульня адборачнага цыклу Чэмпіянату Еўропы па футболе-2012 прайшла 19 чэрвеня ў Кіеве на стадыёне Нацыянальнага спартыўнага комплексу “Алімпійскі”. Суайчыннікі Мішэля Плаціні саступілі шведам з лікам 0:2, але, нягледзячы на паражэнне, з другога месца сваёй адборачнай групы выйшлі ў плэй-оф спаборніцтваў.

Даведка “РГ”. Мішэль Франсуа Плаціні. Французскі футбаліст, трэнер і спартыўны функцыянер. Чэмпіён Еўропы 1984 года. Лепшы французскі футбаліст ХХ стагоддзя па версіі выдання “France Football”. Адзіны футбаліст, які ўзнагароджваўся прэміяй “Залаты мяч” тры гады запар (1983, 1984 і 1985 гады). Уваходзіць у дзясятку лепшых футбалістаў ХХ стагоддзя. У 2011 годзе быў прызнаны лепшым замежным гульцом у гісторыі італьянскага футбола. 26 студзеня 2007 года быў абраны прэзідэнтам Еўрапейскай асацыяцыі футбола, апярэдзіўшы дзейснага на той час прэзідэнта Лянарта Юхансана. Быў пераабраны на другі тэрмін 22 сакавіка 2011 года. Іншых прэтэндэнтаў не было.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота portugues.rfl.fr.