Таццяна Беразавец па-сакрэту рассказала, як у карцін з’яўляюцца незвычайныя назвы, як у яе з’явілася майстэрня і якія чатыры пытання задае кожны, хто ведае, што яна мастак.

Калі я прыйшла, каб глянуць хоць адным вокам, што гэта такое і з чым гэта ядуць, то сустрэла шмат незразумелага недасведчанаму чалавеку.

Галіна Козел, наведніца выставы:

 ─ Мяне цікавіць, што гэта нейкі новы напрамак ў жывапісе. Алейныя фарбы і акварэль ведаю, а вось з батыкам зусім незнаёмая. Ці то фарбамі яго малююць, ці то выпальваюць неяк. Першы раз такую выставу бачу. Добра, што прыйшла, цяпер хоць уяўляю, як гэта выглядае. Цікава яшчэ, адкуль яны саму выяву бяруць: можа, з галавы, а можа, яны глядзяць на штосьці і потым пераносяць на тканіну. Вось гэтага не разумею, добра было б, каб хто патлумачыў.

Прыйшлося мне ператварыцца ў залатую рыбку і выканаць жаданне наведвальніцы выставы. Таццяна Бяразавец мне ўсё з цярплівасцю растлумачыла.

Пра суразмоўцу:

Таццяна Беразавец малюе з дзесяці гадоў. Першай яе настаўніцай у маладзечненскай мастацкай школе была Маіна Талпыга. Пасля яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, дзе ўпершыню паспрабавала маляваць у тэхніцы “батык” на пятым курсе. Менавіта там гэтаму яе вучыла Людміла Дамненкова, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Як маляваць у тэхніцы “батык”:

Асноўны прынцып – малюем ад светлых колераў да цёмных.

1. Трэба заліць усю тканіну пэўнымі каляровымі плямамі і даць высахнуць.

2. Пакінуць, дзе трэба, некалькі больш светлых месцаў і закрыць іх воскам.

3. Потым распісаць пэўным колерам.

4. Некалькі гадзін пачакаць, пакуль слой высахне.

Потым нанесці наступны слой, потым яшчэ адзін і гэтак далей, пакуль не будзе скончана карціна. Ёсць працы, дзе па 15 слаёў атрымліваецца.

5. Пасля ўсяго воск здымаецца (трэба пакласці твор паміж стосам газет,  павадзіць прасам, воск выпарыцца).

У прынцыпе, карціну можна пабачыць толькі ў самым канцы, калі будзе зняты воск.

“Як мяне заманьваў муж”

Мяне зацікавіла, што на большасці карцін намаляваны кветкі. Вось з гэтага і пачалася наша размова.

− Таццяна, чаму тут столькі кветак?

− Кожная жанчына любіць кветкі і жадае, каб і на агародзе іх паболей было, і ў хаце, і каб мужчыны дарылі часцей. У доме мне няма калі вырошчваць кветкі,  затое яны ёсць на карцінах.

− Звярнула ўвагу, што ў вашых прац вельмі незвычайна назвы. Адкуль яны?

− Расскажу па-сакрэту: зайшла ў інтэрнэт, знайшла кніжачку вершаў з усялякімі цікавымі назвамі, апрацавала і зрабіла тыя, якія падыходзяць менавіта для мяне.

− Ну так колькі ж часу патрабуе адна карціна?

− Некалі сабраліся мы з сяброўкамі-мастачкамі і сталі абмяркоўваць гэтае пытанне. У людзей, якія даведваюцца аб тым, што ты мастак, заўсёды першае пытанне такое: а сапраўды ты ўмееш маляваць? Другое пытанне: а мяне намалюеш? Трэцяе пытанне пра чорны квадрат Малевіча і Леанарда да Вінчы. Зараз у мяне з’явілася чацвёртае пытанне: а колькі часу трэба на адну працу? Гэта вельмі складанае пытанне. Я не ведаю. Як хтосьці некалі сказаў, “кожная карціна малюецца ўсё жыццё і адну гадзіну”. Часам, гэта залежыць ад тэхнікі, бо існуе “халодны” і “гарачы” батык.

− Як сям’я ставіцца да вашай працы?

− У нас свой дом, і калі мы яго будавалі, то муж заманьваў мяне так: “Ну ў цябе ж там будзе свая майстэрня”. Слова сваё стрымаў. У мяне ёсць асобная комната, дзе я працую. Дзецям вельмі цікава, яны прыбягаюць і самі штосьці спрабуюць маляваць. Сын, гледзячы на мяне, паступіў у гэтым годзе ў мастацкую школу. Прычым ён спрабаваў сябе і ў танцах, і ў спорце, але сказаў мне: “Я буду, як ты!” Дачка таксама малюе, прычым у яе незвычайнае адчуванне колеру і ніякага страху чыстага палатна.

Адна з карцін Таццяны Беразавец “Сонца ў сасновых руках”

Таццяна Беразавец “Пах бэзу”

Над фартапіяна яшчэ адзін твор Таццяны “Народзіны ветру”

Настасся РОЎДА

Фота забяспечаны аўтарам

Даведка “РГ”. Гарачы батык мае такую назву таму, што воск выкарыстоўваецца ў гарачым расплаўленым выглядзе з дапамогай спецыяльнай прылады. А халодны батык выкарыстоўвае спецыяльны састаў, які не дае фарбам расцячыся, халодным.