Аўтамабіль БМВ-323 сутыкнуўся з пасажырскім аўтобусам “Радзіміч” каля вёскі Будзішча Ільянскага сельсавета 16 ліпеня. Вадзіцель БМВ загінуў на месцы здарэння, кіроўцу аўтобуса і трох пасажыраў адвезлі ў бальніцу.

Здарэнне адбылося каля 10 гадзін 40 хвілін, паведаміў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Шапшалевіч. Аўтобус, у якім было 26 пасажыраў, ехаў з Пастаў у Мінск. БМВ – у сустрэчным накірунку.

Каля павароту легкавы аўтамабіль выскачыў насустрач аўтобусу. Вадзіцель “Радзіміча” зрабіў манеўр, пастараўся пазбегнуць сутыкнення, але не здолеў. Ад моцнага удару аўтобус выкінула ў кювет, а легкавушка загарэлася, і на месца выехалі выратавальнікі.

– Шансаў выжыць у кіроўцы БМВ не было, – кажа Дзяніс Шапшалевіч. – Бліжэйшы наш пост знаходзіцца ў Ільі. Гэта восем кіламетраў ад месца здарэння. А ў такіх сітуацыях машына згарае за пяць хвілін.

Смерць 29-гадовага вадзіцеля БМВ, жыхара Мінска, наступіла не ад агню, а ад разрыву сэрца ў выніку ўдару, паведаміў нашаму выданню медыцынскі судовы эксперт Аляксей Гіль, які анатаміраваў памерлага. Цела мінчаніна абгарэла ўжо пасля смерці.

У прыёмны пакой Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы даставілі кіроўцу аўтобуса і трох пасажыраў – мужчыну і дзвюх жанчын. Дзяжурны доктар прыёмнага пакоя расказаў “РГ”: усе пацярпелыя пасля аказанай медыцынскай дапамогі адмовіліся ад шпіталізацыі і былі адпушчаныя дамоў.

Па факце здарэння праверку праводзіць дзяржаўтаінспекцыя Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.