Нядаўна “РГ” апублікавала ліст Яніны Дабрынеўскай, у якім жанчына распавядае аб сваёй вандроўцы па Вілейшчыне. Спадарыня Яніна закранае ў ім праблему разбурэння ручыцкіх капліц, рэшткаў маёнтку “Ганута”.

Пытанне стану капліц добра вядомае ў Вілейцы, але сорамна, што ўжо і госці звяртаюць на гэта ўвагу. Сорамна нам, вілейчукам, як гаспадарам сваёй зямлі, але ў першую чаргу павінна быць сорамна тым, хто адказвае за захаванне гэтых помнікаў. Але хто ж ён, гэты таямнічы “гаспадар сучаснай Гануты”?

Напэўна, недзе ён ёсць, атрымлівае за сваю працу грошы ад дзяржавы. А ці ведае ён, што робіцца на яго “сотках”?

Вілейская суполка рэспубліканскага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры таксама шматразова звяртала ўвагу на занядбаны стан ручыцкіх капліц. Быў напісаны шэраг артыкулаў ў газетах, зладжаная выстава старых фотаздымкаў Вілейшчыны, значная частка якой была прысвечаная менавіта Гануце і яе капліцам. Быў распаўсюджаны каляндар з выявай ручыцкай капліцы.
Не толькі папяровай справай займаецца таварыства. Старшыня вілейскай суполкі Дзяніс Канецкі атрымаў дазвол на пабудову вакол адной з капліц ахоўных рыштаванняў, каб крыху засцерагчы помнік ад ападкаў. Намаганнямі сяброў суполкі пабудову зрабілі, але гэта не вырашэнне пытання, гэта часовая мера. Помніку патрабуецца паўнавартасная рэстаўрацыя.

Пакуль ідзе ліставанне, пошук адказных, збіранне папер, час марнуецца, капліцы разбураюцца і хутка зусім знікнуць. А там, як кажуць, няма помніка – няма праблем.

Але я веру, што выйсце ёсць. Калі да працы далучацца сельсавет, на зямлі якога стаіць помнік, райвыканкам, як прадстаўнік ўлады, дзяржавы, са сваім “адміністрацыйным рэсурсам”, магчыма царква і касцёл, бо капліцы – гэта рэлігійныя культавыя аб’екты, і грамадскасць – справа павінна скрануцца з “мёртвай кропкі”. Інакш мы страцім помнік архітэктуры 18 стагоддзя, шыкоўную перліну на турыстычнай карце Вілейшчыны. Дык якія ж мы тады гаспадары? Што будзем казаць дзецям, калі яны спытаюць: “Чаму не захавалі?”
Зміцер ХАЦЕНЧЫК, сябра вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў.