Недалёка ад вёскі Вярцімы Вішнеўскага сельсавета позна вечарам 31 ліпеня 41-гадовы жыхар Вішнева з гладкаствольнага ружжа падчас палявання на дзікоў выпадкова застрэліў 54-гадовага жыхара вёскі Сакаўшчына.

Здарэнне адбылося каля 23 гадзін прыкладна ў 300 метрах ад Вярцімаў, недалёка ад прысядзібных участкаў вяскоўцаў, расказаў у інтэрв’ю “РГ” старшы следчы раённага аддзела следчага камітэта Уладзімір Ланько.

Паводле яго слоў, у тым месцы расце кукуруза, у якую наведваюцца дзікі. Паляўнічы з Вішнева вырашыў пабраканьерыць. З гладкаствольным ружжом, якое зарэгістраванае, і з патронамі 12 калібру ён пайшоў на паляванне.

Пачуўшы нейкі рух каля пасеваў кукурузы, браканьер вырашыў, што гэта дзік. Ускінуў ружжо і выстраліў.

Гэта быў не дзік. Куля трапіла ў галаву 54-гадовага жыхара вёскі Сакаўшчына. Мужчына памер. Што ён там рабіў у такі час сутак – высвятляе следства. Па словах Уладзіміра Ланько, стралок і забіты былі знаёмыя.

Падазроны ў злачынстве затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Крымінальная справа ўзбуджаная па першай частцы 144 артыкула Крымінальнага кодэкса “Прычыненне смерці па неасцярожнасці”. Караецца выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да трох гадоў, ці зняволеннем на такі ж тэрмін.

Сяргей ЗЯНЬКО.