Беларусь атрымлівае ад Еўрапейскага Саюза фінансавую дапамогу на рэалізацыю розных праектаў у рамках праграмы “Усходняе партнёрства”, якая фінансуецца ENPI (Еўрапейскі інструмент партнёрства і суседства), і з шэрагу іншых крыніц. У 2012-2013 гадах падтрымка Мінска Бруселем сфакусаваная на двух напрамках: эфектыўнае кіраванне і развіццё кантактаў паміж людзьмі, а таксама мадэрнізацыя ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Аднак для ажыццяўлення праектаў тэхнічнай дапамогі ЕС у Беларусі існуе шэраг бар’ераў.

Нягледзячы на перашкоды

“Па-першае, з-за празмернай цэнтралізацыі пры прыняцці рашэнняў у Беларусі зацягваюцца тэрміны ўзгаднення і запуску праектаў. Па-другое, супрацоўнікі беларускіх міністэрстваў не зацікаўленыя ва ўдзеле ў дадзеных праграмах”, – тлумачыць Алена Арцёменка, аўтар даследавання “Як павысіць эфектыўнасць выкарыстання тэхнічнай дапамогі ЕС у Беларусі “.

Па словах Арцёменкі, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), іншыя сябры “Усходняга партнёрства”, напрыклад Арменія, Грузія і Азербайджан, праводзяць больш мяккую знешнюю палітыку, і таму ім атрымоўваецца прыцягнуць больш еўрапейскіх сродкаў.

“Калі б ўмовы ў Беларусі былі больш спрыяльнымі, праектаў было б нашмат больш”, — упэўненая эксперт. Зрэшты, яна не адмаўляе, што дапамога паступае і зараз. У агульнай складанасці Брусель выдзеліў на 2012-2013 гады на праграмы, што рэалізуюцца ў Беларусі, 41,5 мільёна еўра. Што ж менавіта фінансуецца на грошы еўрапейскіх падаткаплатнікаў?

Памежная інфраструктура і развіццё турызму

Еўрасаюз надае вялікую ўвагу пытанням эфектыўнай аховы межаў. У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва-Латвія-Беларусь” з 1 красавіка 2012 вядзецца будаўніцтва і аснашчэнне сучасным абсталяваннем пункта пропуску “Грыгараўшчына” на беларуска-латвійскай мяжы, а таксама пагранічнага пераезду “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы.

Па заканчэнні работ дагляд аўтамабіляў там будзе праводзіцца па тэхналогіі сканавання транспартных сродкаў, што павялічыць прапускную здольнасць пагранпераездаў. На кожны з гэтых двух праектаў ЕС выдзеліў па 2,5 мільёна еўра. Брусэль таксама ўдзельнічае ў фінансаванні мадэрнізацыі памежных пераходаў на мяжы Беларусі з Украінай і Польшчай.

Акрамя таго, ЕС падтрымлівае развіццё беларускага турызму. Адна з найбольш буйных па аб’ёме фінансавання праграм у гэтай сферы накіравана на павелічэнне прывабнасці прыгранічных рэгіёнаў Беларусі, Літвы і Латвіі. Еўрасаюз выдзеліў 1,6 мільёна еўра на правядзенне там турыстычных кірмашоў, паляпшэнне інфраструктуры і павышэнне кваліфікацыі персаналу. Напрыклад, у рамках праграмы “Бэла Дзвіна – 2” у чэрвені ў старажытным беларускім горадзе Полацк адбыўся фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”.

Адукацыя і сацыяльная абарона

Зараз ЕС стаў больш актыўна дапамагаць беларускім студэнтам. У канцы 2011 года стартавала праграма “Адкрытая Еўропа”. Яна дазваляе атрымаць на год стыпендыю ў 1000 еўра ў месяц для навучання ў ВНУ адной з краін ЕС. Бюджэт праграмы на пяць гадоў — каля 4 мільёнаў еўра. У рамках праграмы студэнцкага абмену Erasmus Mundus студэнты 11 беларускіх універсітэтаў могуць разлічваць на атрыманне стыпендыі для навучання на працягу аднаго семестра за мяжой.

Еўрасаюз фінансуе і шэраг праграм па падтрымцы мігрантаў і бежанцаў у Беларусі, Малдове і на Украіне. З пачатку 2012 года ЕС выдзяляе сродкі на семінары і кансультацыі, адукацыйныя праекты і моўныя курсы для мігрантаў у розных беларускіх гарадах. Усяго на гэтыя мэты Брусель выдзеліў тром краінам 9,7 мільёна еўра.

Энергетыка і ахова навакольнага асяроддзя

Энергетычная сфера — таксама адзін з прыярытэтаў. Так, для падтрымкі ў Беларусі палітыкі, накіраванай на павышэнне энергаэфектыўнасці, Еўрасаюз выдзеліў 5 мільёнаў еўра. Яны будуць выдаткаваны у тым ліку і на кансультацыі па пытаннях энергазберажэння і развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі. Атрымальнікамі дапамогі з’яўляюцца міністэрства энергетыкі і міністэрства эканомікі Беларусі.

Актыўна супрацоўнічае з Брусэлем і міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У галіне экалогіі ЕС аказвае дапамогу Мінску па трох напрамках: ахова агульных рачных басейнаў, перапрацоўка смецця і захаванне разнастайнасці відаў жывёл. Напрыклад, 1,2 мільёна еўра выдзелена на стварэнне эксперыментальнага ўчастка для вытворчасці біямасы з забалочаных тарфянікаў.

Не засталіся без увагі і пытанні раззбраення. Так, на ваеннай базе ў горадзе Рэчыца за грошы Еўрасаюза будуецца прадпрыемства па знішчэнні боепрыпасаў. На ім да мая 2013 года трэба будзе ўтылізаваць 3,4 мільёна супрацьпяхотных мін. Выдаткі, якія складуць у агульнай суме 3,9 мільёна еўра, цалкам паступаюць з казны ЕС.

А як жа становішча з падтрымкай базавых каштоўнасцяў, дэкларуемых Еўрасаюзам — правоў чалавека і свабоды слова?

Падтрымка грамадзянскай супольнасці

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў снежні 2010 года Еўразвяз вырашыў узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. На гэтыя мэты і, у прыватнасці, на дапамогу сем’ям грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку ўладаў, Еўракамісія выдзеліла 20 мільёнаў еўра. А ў сакавіку 2012 года Еўрапейскі Саюз аб’явіў аб пачатку праграмы “Дыялог па мадэрнізацыі Беларусі”, задуманай як інструмент падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці.

У справаздачы аб дзейнасці Еўрасаюза ў Беларусі, апублікаваным у канцы ліпеня, у чале “Правы чалавека, дэмакратызацыя і грамадзянская супольнасць” пералічаныя праграмы, накіраваныя, напрыклад, на падтрымку валанцёрскага руху, дзяцей-сірот, састарэлых і інвалідаў.

Аўтар даследавання аб тэхнічнай дапамозе ЕС у Беларусі Алена Арцёменка не бачыць нічога дзіўнага ў адсутнасці ў гэтым спісе палітычных праектаў. “Любыя фінансавыя паступлення з-за мяжы ў Беларусі кантралююцца міністэрствам эканомікі. Усё, што тычыцца правоў чалавека ці палітыкі, будзе адхілена, такія прапановы проста не прапусцяць”, — падводзіць вынік Арцёменка.

Вольга Капусціна, Deutsche Welle