У аўторак, 28 жніўня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы Жыллёвы кодэкс. Ён уступіць у сілу праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання. Папярэдні кодэкс на працягу 12 гадоў ніяк не мяняўся.

Усё тое, што раней прадугледжвалася Указамі прэзідэнта альбо пастановамі Савета Міністраў, цяпер будзе сабрана ў адным дакуменце −  Жыллёвым кодэксе.

Адвакат маладзечанскай юрыдычнай кансультацыі №2 Таццяна Самусева растлумачыла, якім чынам з новага года можна будзе здаваць і наймаць кватэру.

Крок 1.
Дамагчыся згоды ўсіх “кватарантаў”
Калі чалавеку належыць кватэра, ён можа здаваць яе ў найм.
Для гэтага ён павінен падаць заяву для рэгістрацыі дагавора. У ёй за  подпісам ўсіх прапісаных у кватэры паўнагадовых асоб мусіць быць згода на заключэнне дагавора.

Крок 2.
Заключыць дагавор
Афармляецца  дагавор у трох экзэмплярах. Адзін застаецца ў райвыканкаме, другі − ў гаспадара кватэры, трэці – у наймальніка.
Гаспадар жылля мусіць прыйсці ў райвыканкам з пашпартам ці з іншым дакументам, які б сведчыў яго асобу, а таксама мець пры сабе тэхпашпарт на кватэру, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на кватэру.
Каб заключыць дагавор па найме жылога памяшкання, трэба запоўніць спецыяльны бланк. Акрамя сваіх персанальных дадзеных, у ім трэба ўказаць склад сям’і. Дагавор рэгіструецца ў мясцовым выканаўчым камітэце.

Рэгістрацыя дагавора ідзе на працягу двух дзён. Тэарэтычна, можна пачаць здаваць кватэру праз тры дні пасля таго, як такая думка прыйшла ў галаву.

Заплаціце падаткі і спіце спакойна
Гаспадару прыйдзецца выплачваць падатак. Памер яго залежыць ад месца жыхарства. Калі абласны горад, то прыкладна ад 30 да 113 тысяч рублёў. Калі раённы цэнтр, то ад 30 да 75 тысяч. Пэўныя кошты ўсталёўвае мясцовая ўлада.
У Маладзечне гэты падатак – 35 тысяч рублёў.
У Нарачанскім і Мядзельскім сельсаветах з мая па верасень стаўкі – 150-600 тысяч рублёў.

Правы і абавязкі наймальніка і гаспадара

Наймальнік
1. Ён можа без згоды гаспадара ўсяліць непаўналетніх членаў сям’і. Такое ж права мае і член сям’і наймальніка, які жыве разам х ім.

2. Усяліць мужа ці жонку, бацькоў альбо паўнагадовых дзяцей можна з дазволу гаспадара. А каб засяліць іншых сваякоў ці знаёмых, неабходна атрымаць згоду усіх, хто жыве ў кватэры.

3. Дагавор па найме жылога памяшкання можна скасаваць у любы час. Для гэтага трэба папярэдне выканаць усе абавязкі перад гаспадаром кватэры.

4. Па заканчэнні тэрміну дагавора наймальнік павінен высяліцца за тры дні.

5. Наймальнік можа патрабаваць унесці змяненні ў дагавор найма ў любы момант. Патрабаванні мусяць быць прадстаўлены ў пісьмовым выглядзе. Іх таксама патрэбна зарэгістраваць.

6. Памяшканне можна выкарыстоўваць толькі па яго прызначэнні. У ім нельга штосьці псаваць, шумець і перашкаджаць суседзям. Плаціць за яго наймальнік абавязаны своечасова.

З-за парушэння гэтых патрабаванняў гаспадар можа скасаваць дагавор.

Гаспадар
Усё аналагічна. Ён можа патрабаваць своечасовага ўнясення платы. Мае правы на наведванне памяшкання, якое здае. Але толькі ва ўзгоднены з наймальнікам час і толькі разам з ім.
Наймадавец павінен таксама забяспечыць працу тэхнічнага абсталявання. За свае грошы аднаўляць розныя паломкі, калі яны ўзнікаюць не з-за наймальніка. Напрыклад, калі прарвала трубу вадаправода. Але, калі здарыўся патоп па віне наймальніка, то ён і абавязаны аплаціць шкоду.

Настасся РОЎДА.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.