Колькі каштуе ахрысціць дзіця, з чым пры гэтым сутыкнуліся яго маладыя бацькі і якая адказнасць лягла на мае плечы, калі я пагадзілася стаць хроснай.

Па расказах сябровак, якія не першы раз хрысцілі дзіця, усё павінна было прайсці вельмі проста і хутка. Але выйшла крыху па-іншаму …

Першы раз мы ўтраіх, я і бацькі дзіцяці Алена і Канстанцін Жураўлі, сустрэліся з айцом Аляксандрам за два тыдні да хрысцін. Спачатку доўга дамаўляліся, у які дзень адбудзецца гэта значная падзея. Справа ў тым, што непажадана, каб у гэты  час быў пост. Таму што ў многіх людзей прынята святкаваць хрышчэнне, як дзень нараджэння. А падчас посту трэба ўстрымлівацца ад скаромнай ежы і алкаголю.

Пасля таго, як мы вызначыліся з датай, пачалі абмяркоўваць з матушкай, што трэба набыць, каб правесці таінства хрышчэння.

Разам з маці дзіцяці Аленай мы падлічылі, колькі грошай на гэта спатрэбіцца:
1. Касцюм дзіцяці для хрышчэння − 100 тысяч рублёў.
2. Коўдра, каб ахінуць ў яго дзіця пасля таінства − 100 тысяч рублёў.
3. Ручнік − 100 тысяч рублёў.
4. Крыжык з вяровачкай − 50 тысяч рублёў.
5. Ахвяраванні.
Усяго выйшла больш за 400 тысяч рублёў, і гэта не ўлічваючы ніякіх застолляў.

Потым айцец Аляксандр сказаў, што мне трэба прачытаць, каб падрыхтавацца да таінства. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на малітву  “Сімвал Веры”, бо яе трэба чытаць на памяць. Як правіла, пры хрышчэнні дзяўчынкі “Сімвал Веры” чытае хросная маці, а пры хрышчэнні хлопчыка – бацька.

Карэспандэнт “РГ” Настасся Роўда – хросная маці.

“Хрышчэнне – гэта радзільня”

Праз два тыдні мы дамовіліся сустрэцца зноў, за дзень да таінства хрышчэння. Вось тады адбылася сур’ёзная размова з айцом Аляксандрам:

− Хросныя бацькі павінны разумець, якая гэта адказнасць быць хроснымі. Паколькі духоўнае выхаванне самае цяжкае. А цяжкасці трэба ўмець пераадольваць. І ў канцы альбо атрымліваць ўзнагароду, альбо выпрабоўваць рас­чараванне і крах.

− У чым жа асноўная задача хросных?

− Ім спачатку самім трэба набыць духоўны вопыт, а потым яго перадаць. Бо калі няма чаго перадаць, навошта станавіцца хроснымі? Іх задача − навучыць дзіця жыць паводле Евангелля. А для гэтага яны самі павінны ведаць Евагелле і жыць паводле яго. Божае Слова − гэта і ёсць Евангелле. Яно − аснова жыцця.

− А чаму дзяўчына першым павінна хрысціць хлопчыка?

− Гэта прымхі. У людзей, адарваных ад царквы, заўсёды яны будуць існаваць. Чуткі нараджаюцца ў бязвер’і.

− Калі дзіця пры хрышчэнні крычыць – гэта дрэнна ці добра?

− Дзеці і будуць плакаць, таму што хрышчэнне − гэта радзільня, нараджэнне ў вечнае жыццё. Таму плач натуральны.

Хрышчэнне праходзіла з самай раніцы. Мы загадзя паклапаціліся пра тое, каб на кожным быў асвечаны крыжык і адпаведны месцу ўбор.

− Само таінства хрышчэння прайшло добра, − падводзіць вынік маці дзіцяці Алена. − Больш нерваваліся, пакуль рыхтаваліся да яго. Праўда, я хацела, каб хрысцілі ў гэты час толькі маё дзіця. Бо атрымалася, што хрысцілі адразу траіх.

Настасся РОЎДА.

Фота забяспечана Аленай ЖУРАВЕЛЬ.