Рэканструкцыя малочнатаварных фермаў раёна знаходзіцца пад пагрозай.

Нягледзячы на тое, што праца павінна была пачацца некалькі месяцаў таму, на некаторых аб’ектах яна так і не пачалася.

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю праверыў ход рэканструкцыі малочнатаварных фермаў, наведаўшы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы  “Маркава-Агра”, “Усход-Агра” і агракамбінат “Алёхнавічы”. Адставанне па тэрмінах працы выявілі на ўсіх трох.

“Маркава-Агра” (вёска Маркава)

толькі пачало будаваць сцены даільна-малочнага блока. Па планах пачатак будаўніцтва запланаваны на жнівень, але спазніліся на месяц. Цяпер з-за негатовых сцен немагчыма распачаць мантаж тэхналагічнага абсталявання і іншую працу.

Такая ж сітуацыя і з дахам. Дэмантаж даху павінны былі скончыць яшчэ ў чэрвені. Зараз праца над ім толькі пачынаецца.

Падобныя справы склаліся і на прадпрыемстве “Усход-Агра” (вёска Селівонаўка).

Тут адставанне ад плана таксама відавочнае: фундамент, які ўжо тры месяцы як мусіць быць гатовы, толькі пачалі закладваць. Затрымка не дазваляе пачаць бетанаванне падлогі даільна-малочнага блока, мантаж яго каркасу і тэхналагічнага абсталявання.

На агракамбінаце “Алёхнавічы” (мястэчка Алёхнавічы)

будаўнічыя і мантажныя работы ўвогуле не пачыналіся. Сітуацыя з ім самая складаная. Для таго, каб пачаць будаўнічыя работы, трэба перанесці кабель, праз які ідзе электраэнергія да жывёлагадоўчых памяшканняў. Паколькі кароў няма куды перавесці, запланавана пабудаваць малочнатаварную ферму ў вёсцы Вялікія Кашэўнікі. Ферма будзе разлічаная на 600 галоў.

Але і з яе будаўніцтвам узніклі праблемы – свае абавязкі па дамове не выконвае генпадрадчык “ТэхБокс”.  
Такія факты парушэнняў сустракаюцца і на іншых сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Міжрайкамітэт звяртае ўвагу, што далейшая затрымка будаўніцтва можа прывесці да таго, што не будзе выкананае даручэнне Прэзідэнта Беларусі па рэканструкцыі малочнатаварных фермаў.
Паводле матэрыялаў Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.