Вярнуцца ў час геніяльнага выканання эстраднай песні Муслімам Магамаевым маладзечанцы змогуць у пятніцу, 16 лістапада, у канцэртнай зале Палаца культуры.

Спецыяльна для землякоў грандыёзны праект падрыхтаваў оперны спявак Уладзімір Александровіч і дырыжор заслужанага калектыва сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа Рыгор Сарока. Больш за сто артыстаў будуць працаваць для таго, каб маладзечанцы адчулі, што такое сапраўдны канцэрт і якасная музыка.

– Канцэрт патрабуе вельмі вялікай падрыхтоўкі, але людзі, якія прыйдуць за 40-50 тысяч рублёў, атрымаюць такое задавальненне ад першага да апошняга нумара! – перакананы Рыгор Сямёнавіч.

Сімфанічны аркестр выхаваў маладзечанцаў

– Мы ўжо зрабілі некалькі рэпетыцый з выдатным аркестрам пад кіраўніцтвам Рыгора Сямёнавіча Сарокі, – пачаў распавядаць Уладзімір Александровіч. – Я працаваў з многімі аркестрамі, і мне падабаецца стаўленне маладзечанскага: з павагай, да ўсяго прыслухоўваюцца – сапраўдныя музыканты. Я адчуваю, што канцэрт атрымаецца выдатны, бо музыка неверагодна прыгожая, і кожны твор для мяне асаблівы. Усе песні годныя і ўсе чапляюць.

Не кожны дырыжор так уважліва ставіцца да спевака, як Рыгор Сямёнавіч. Ён ледзь не спявае разам са мной.

– Вы казалі, што хочаце, каб усё было прыгожа. Вы ўпэўненыя, што так і будзе?

– Учора Рыгор Сямёнавіч разам з жонкай Святланай Сарокай, дырэктарам  Палаца культуры, паказалі мне амфітэатр, пры якім будуць жыць артысты. Я быў проста ў захапленні. І апаратура, і сама сцэна, і людзі, якія тут працуюць, – у нас ёсць усё, каб рабіць выдатныя канцэрты любога ўзроўню.
Не менш захапляе і тое, што гэта пара ўсё робіць разам, трымае культуру ў горадзе на высокім узроўні. Святлана Рыгораўна нядаўна стала сенатарам – мае віншаванні, толькі так трымаць і далей. У Рыгора Сямёнавіча мноства праблем, спраў, але ён шмат часу аддае нашаму праекту, і я вельмі ўдзячны яму і яго жонцы.

Палац адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, там прыемна і на сцэне, і ў зале. Зусім не саступае Вялікай канцэртнай зале ў Пецярбургу, апарат той самы, толькі там згубілася акустыка, а ў нас акустыка ёсць. Хоць у нас і невялікі гарадок, але вельмі культурны.

– Чым вы яшчэ будзеце здзіўляць маладзечанцаў?

– Мы рыхтуем сюрпрыз, у адной з песень будзе вельмі нечаканы выканаўца. На канцэрце будзе выступаць шоу-балет “Bize Lizu” (у Маскве ёсць балет “Тодас”, а ў Пецярбургу – “Bize Lizu”). Яны спецыяльна для гэтага канцэрта на тыдзень адкладаюць свой графік, не едуць з турне ў Францыю, а прыедуць у Маладзечна. Прыедзе мой сябра музыкант Алег Вайнштэйн, бальныя пары. Магчыма, прыедзе мая сяброўка Тамара Гвердцытэлі.
Міністр культуры Мардовіі запрасіў на гэты канцэрт вядучага кампазітара –  Сяргея Цярханава. Ён напісаў твор “Беларуская зямля”, які маладзечанцы пачуюць на канцэрце.

Будзем сумяшчаць аркестр, голас, спартыўна-бальныя танцы, якія пакажуць чэмпіёны Расіі, шоу-балет – і гэта будзе ўсё разам.

– Маладзечанцы вернуцца ў час геніяльнага выканання песень вытанчанымі спевакамі, – дадае Рыгор Сарока. – Колькі спевакоў пасля нашага каледжа, якія цяпер вядомыя ў Пецярбургу, вы ведаеце? Больш за дзесяць. Напрыклад, Уладзіслаў Сулімскі – саліст Марыінскага і Маскоўскага оперных тэатраў. Гэта ж які ўзровень! У Піцеры вельмі добра ведаюць маладзечанскі каледж.

Наш аркестр толькі прыехаў з Польшчы, запісаўшы дыск на знакамітай Варшаўскай студыі гуказапісу. Іх можна будзе набыць і ў нас, яны пойдуць па свеце. Усюды гучыць Маладзечна!

А на днях нас запрасілі выступаць у Чысцінскім Доме культуры, які нядаўна пабудавалі. Вось як сімфанічны аркестр выхаваў публіку, і цяпер такая музыка запатрабаваная. Але гэта цяжкая праца. Мне складаней, чым артыстам, якія шмат дзе гастралююць. Мне заўсёды трэба быць свежым, з новай праграмай.

– Ці адразу вам спадабалася ідэя такога канцэрта?

– Уладзімір рыхтуе праект класічнай эстрады. Не танную папсу, а тое, што спяваў Магамаеў, Гуляеў. Гэта вельмі складана. Такія творы, як, напрыклад, “Мелодыя” Пахмутавай, я нават не ведаю, хто яшчэ ў Беларусі зможа спець.

Уладзімір Александровіч – цёплы спявак, у яго вельмі высокая школа.

Канцэрт пройдзе 16 лістапада ў канцэртнай зале Палаца культуры, пачатак а 19 гадзіне. Білеты каштуюць ад 40 тысяч рублёў, іх ужо можна набыць у Палацы культуры. Як кажа спявак, гэты кошт мінімальны – каб аплаціць працу запрошаных артыстаў. Сам Уладзімір Александровіч, як і дырыжор Рыгор Сарока, на гэтым канцэрце не заробяць. Яго ладзяць, каб парадаваць землякоў. У горадзе ўжо з’явіліся афішы. Дарэчы, іх друкавалі ў Пецярбургу, таму што Уладзімір Александровіч хацеў, каб кожная была яркай і якаснай.

З бокса – у оперную музыку

– У свой юбілейны год я і Рыгор Сямёнавіч вырашылі зрабіць такі падарунак землякам, – патлумачыў Уладзімір Александровіч. – Канцэрт няпросты, таму што творы ва ўсіх на слыху. Усе памятаюць, як іх выконвалі знакамітыя майстры – Муслім Магамаеў, Георг Отс і іншыя.

– Вы цяпер вядомы і паважаны спявак еўрапейскага маштабу, але пачыналася ўсё ў Маладзечне. Ці лёгка было ісці па гэтым шляху?

– Я адзін з нямногіх, хто паступаў сюды без музычнай падрыхтоўкі. Мне было тады 19 гадоў, ужо дастаткова самастойны малады чалавек з тэхнічнай адукацыяй, самы час у армію ці інстытут. А я прыйшоў сюды. Рыгор Сямёнавіч спытаўся: “У цябе няма музычнай граматы, зможаш?” Я адказаў: “Пастараюся”. І вучэльню скончыў з адзнакай, хаця такой мэты і не ставіў. Была мэта апраўдаць давер.

Хачу прыгадаць свайго выдатнага педагога Пятра Туронка, з якім мы адразу знайшлі ўзаемапаразуменне і ішлі толькі наперад. Я яму дагэтуль удзячны і адзначаю яго як свайго першага настаўніка. Такое паразуменне, як з Пятром Пятровічам, я знайшоў толькі з маэстра Франка Пальяцы.

Пасля вучобы ў Пятра Туронка я без праблем паступіў у кансерваторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе, атрымаў 10 з плюсам на ўступным экзамене.

– Калі пералічыць усіх, каго Пётр Пятровіч вучыў і дзе цяпер яго вучні, вы за галаву схопіцеся, – усміхаецца Рыгор Сямёнавіч.

– Не ўсё адразу атрымлівалася, як хацелася, – дадае спявак. – Давялося нават на другім ці трэцім курсе зрабіць аперацыю на нос, выдаліць перагародку.

У юнацтве займаўся боксам і кікбоксінгам. Калі паступаў, сваім сябрам па спорце казаў, што заняты і не магу сустрэцца, а сам ішоў у фанатэку, займаўся музыкай. А прызнацца ў гэтым саромеўся, бо раптам потым не паступлю.

Калі я ўпершыню сеў за фартапіяна, у мяне пальцы былі збітыя і засядалі паміж чорнымі клавішамі. Выкладчыца Таццяна Мурзіна тады сказала: “Уладзімір, як жа мы будзем з вамі здаваць?” Яна так душэўна да мяне ставілася, так тлумачыла пастаноўку пальцаў, што ўжо праз месяц былі добрыя вынікі. У 19 я пачынаў вывучаць азы фартапіяна, а зараз сам сабе акампаную пры патрэбе. Я заўсёды параўноўваў гэта з кансерваторыяй. Там таксама выдатныя педагогі.

Прасіўся дадаткова займацца гармоніяй і сальфеджыа разам з дзецьмі з музычнай школы, з хлопчыкам, які трыгучча адразу чуў і пісаў. Я проста здзіўляўся, наколькі яго веды вышэйшыя за мае. Мяне ніколькі не чапляла, што займаюся з дзецьмі. Выкладчыца Людміла Бабровіч мне дазваляла, і ў выніку я чуў гармонію і сальфеджыа. А без гэтага немагчыма спяваць. Калі ты становішся гаспадаром свайго голаса, ты ім усё аддаеш.

– Вы пачалі займацца музыкай у 19 гадоў. Магчыма, нехта пабаяўся б у такім узросце займацца нечым новым.

– Спыняе страх, што гэты занятак будзе часовы. І ты згубіш час. Але гэта мусіць не проста падабацца, а быць як глыток паветра. Я адчуў усё не адразу, але я разумеў, што тое, што я раблю з музыкай, я раблю не для некага, а мне самому хораша ад гэтага.

Вучыцца трэба ўсё жыццё. Усе ўчарашнія перамогі неістотныя, важна, што цяпер ты пакажаш. Спевакі першай велічыні прыязджаюць да майго маэстра ў Італію, каб патрэніраваць голас, хаця ў іх ужо ёсць і віллы, і ўсё, што трэба. Але гэта іх прафесія, яны хочуць удасканальвацца, быць гаспадарамі свайго голаса.

Вялікая ўдзячнасць маім педагогам з маладзечанскага музычнага каледжа – Пятру Туронку, Георгію Юрэвічу, Маргарыце Васілевіч, Розе Зяблікавай, Галіне Ключнікавай, Таццяне Мурзіной, Людміле Бабровіч.

Рыгор Сарока спявае лепш за Ігара Крутога

І тут у кабінет Рыгора Сямёнавіча нечакана зайшоў той чалавек, які будаваў амфітэатр – начальнік будаўнічай фірмы “Барыт” Мікалай Батан, каб падарыць Рыгору Сямёнавічу скрыпку з керамікі ў знак пашаны.

Рыгор Сямёнавіч не разгубіўся і адказаў на падарунак песняй на верш Эдуарда Асадава. Прычым, як ацаніў Уладзімір Александровіч, спявае ён не горш за Ігара Крутога, а нават лепш.

За сталом пачалі абмяркоўваць амфітэатр, як зрабіць так, каб гледачам быў не страшны дождж.

Потым да нас далучылася і дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока, якая дадала, што амфітэатр стане яшчэ больш прывабным для артыстаў, калі каля яго пабудаваць гасцініцу.

Падчас размовы нарадзілася некалькі цікавых ідэй для канцэрта, якія могуць стаць сапраўдным сюрпрызам.

Каб убачыць музычны цуд на свае вочы, прыходзьце на канцэрт і атрымлівайце асалоду.

Даведка “РГ”. Уладзімір Александровіч. Спявак. Нарадзіўся 22 красавіка 1977 года ў Маладзечне. Музыкай пачаў займацца ў 19 гадоў, калі прыйшоў паступаць у Маладзечанскі музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага. З 2000 года становіцца лаўрэатам 14-і міжнародных конкурсаў вакальнага майстэрства. Цяпер стажыруецца ў Італіі ў маэстра Франка Пальяцы.

Эмілія ЗАХАРЭЎСКАЯ.

Фота Настассі РОЎДЫ.