“Горад, у якім мы жывём”. Мастак Эдуард Мацюшонак зрабіў экскурсію па выставе сваіх работ для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”, што праходзіць у выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча.

“Горад, у якім мы жывём”. Мастак Эдуард Мацюшонак зрабіў экскурсію па выставе сваіх работ для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”.

Запрашаем вас на віртуальны візіт у выставачную залу ў Вілейцы, дзе экспануюцца работы мастака

Спеў жураўля:

У бабулі:

Грамнічная свечка:

Восень у горадзе:

Вілейскі матыў:

На беразе Віліі:

Восеньскі блюз:

Трэба дома бываць часцей:

Прызнанне:

Маладыя на плошчы:

У Вілейку:

Ідуць!:

Гукі паланэза (Ганута):

Музыка Вілейкі:

Куранец:

Куранец:

Лета:

Гуканне вясны:

Вандроўнікам прысвячаецца:

Цёплым жнівеньскім днём:

Свята. Вілейка запрашае:

Правінцыя:

– Большая частка віляйчан прыехала аднекуль у гэты горад, – кажа Эдуард Мацюшонак. – У першым, другім, трэцім пакаленнях. І кожны прынёс з сабой частку культуры таго рэгіёна ці той краіны, адкуль ён прыехаў. Нашы паводзіны, святы, тое, што мы лічым сваёй нормай, уплятаюцца ў адзін кілім, і мы атрымліваем Вілейку.

Гэтым мастак тлумачыць структуру экспазіцыі. Спачатку аўтар прапануе “ўваходзіць” у тэму звонку. Як сам Мацюшонак, са сваімі глыбоцкімі матывамі, бо родам ён з Глыбоччыны. Пасля ідзе гістарычная, рэтраспектыўная частка. І заканчваецца гэтае трыадзінства роздумам, філасофіяй.

Спеў жураўля

Для маладых слова журавель не тое што незразумелае, але яны не ведаюць усіх яго сэнсаў. Для Мацюшонка журавель спявае і ў небе, і на зямлі, набіраючы ваду са студні. Старажытная драўляная канструкцыя для пад’ёму вады з калодзежа, якую народ трапна назваў “жураўлём” за яе стромкасць і выцягнутасць да неба, для мастака – каталізатар успамінаў з дзяцінства, спосаб мастацкай арганізацыі настальгіі.

У роднай вёсцы мастака Мнюце насамрэч не было жураўлёў – далёка да вады і так проста яе не дастаць, а вось ў суседніх Забалоцці, Жаўнерчыках, Канюшчыне скрозь ставіліся жураўлі. І яны сталі ў рабоце “Спеў жураўля” сімвалам малой радзімы. І, магчыма, не толькі для аўтара, але і для тых, хто аглядае выставу.

Мацюшонак гаворыць, што неабавязкова глядач павінен успрымаць мастацкі твор так, як яго ўспрымае аўтар. Можа, нават ва ўспрыняцці твора па-свойму і ёсць каштоўнасць карціны. Толькі аўтар ведае, што сюжэт карціны “У бабулі” прывязаны да канкрэтнага месца на Астравеччыне, у пару кіламетрах ад мяжы. Насупраць прыдарожнага крыжа прысела бабуля і думае пра нешта сваё. Побач стаіць маленькая дзяўчынка, якая прыехала на летні адпачынак. Праз нейкі час не будзе гэтай дарогі, шляхі ж не вядуць у нікуды – на памежнай тэрыторыі нельга будавацца, дарога на Вільню ў іншым месцы… Не будзе бабулі. І застануцца толькі ўспаміны ўнучкі.

Але ў кагосьці могуць узнікнуць абсалютна іншыя пачуцці і асацыяцыі ў сувязі з гэтым сюжэтам. Да разнастайнасці ўспрыняцця сваіх работ і імкнецца Эдуард Мацюшонак.

“Ідуць!”

Тры працы мастака з’яўляюцца рэканструкцыяй. Адна – рэканструкцыяй рысунка Напалеона Орды, дзе выяўлены палац Агінскіх у Ручыцы (Гануце), дзве – “Ідуць” і “У Вілейку” – па матывах фатаграфій Беркі Бермана.

Мацюшонак не проста паўтарае выяву фота ці рысунка. Ён напаўняе іх сваім зместам.

У працы “Ідуць!”, у якой ўважлівы чытач можа пазнаць від з апублікаванай калісьці “Рэгіянальнай газетай” фатаграфіі неіснуючай ужо Вілейкі першай трэці 20-га стагоддзя, аўтар не абмежаваўся дакументальным сюжэтам.

Такі самы прыём мастак некалі выкарыстаў у сваёй рабоце “Аўстэрыя”. Дзе старая вуліца яго роднага Глыбокага напоўнілася персанажамі.

У новых творах Мацюшонак пайшоў далей.

У карціне “Ідуць” разыграны паўнавартасны драматургічны сюжэт. На вуліцу Вілейкі з боку Маладзечна па распоўзлым снезе заязджае брычка. Вазніца прыпыніўся, каб перакінуцца словам з гараджанінам: спераду з шэрані туману насоўваецца нейкая цёмная хмара. Немцы, саветы, палякі, белыя, чырвоныя? Якая трасца можа быць на гэты раз? І што прынясе новая ўлада? Ці паспее нарабіць шкоды, як гэта ўжо было не раз. Побач на палатне разыгрываюцца іншыя дзеі і сюжэты…

“У Вілейку”. Мастак быццам бы фантазіруе, напаўняючы старую вуліцу горада (цяпер Савецкая) з фота Беркі Бермана рэальнымі гістарычнымі асобамі, якія ў часе не маглі ні сустракацца, ні перасякацца. Звязвае іх толькі Вілейка. Гэта і акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Нікадзім Сілівановіч, і адзін з выдатных мастакоў-авангардыстаў Уладыслаў Страмінскі, мастак-рэаліст Леў Альпяровіч. І сам Берман.

– Я нібыта стаю на адным месцы і паслядоўна раз на некалькі гадоў раблю здымак. Зводжу ўсё ў адну карціну, – тлумачыць прынцып стварэння гэтай работы Эдуард Мацюшонак.

З гэтай прычыны вуліца амаль па краі перапоўненая людзьмі. Але тое не бянтэжыць ніколькі. Хочацца ўгледзецца ў натоўп і ўбачыць сярод яго нейкі знаёмы і родны твар са старой сямейнай фатаграфіі. Можа, там убачу свайго дзеда Сцяпана ці прабабулю Ганну, што прыехалі за 20 вёрст на кірмаш у Вялейку?

“Гуканне вясны”

“Гуканне вясны”. Чыста філасофскі твор. Тым не менш напоўнены жыццём і цеплынёй, пазнавальнымі краявідамі. Філасофскія думкі мастака ўвогуле лепш не пераказваць. Таму што лёгка можна памыліцца. Лепш самому наведаць выставу і паразважаць адзін на адзін з рознымі, але аднолькава цёплымі і ўтульнымі карцінамі Эдуарда Мацюшонка.

Усяго у выставачнай зале выстаўлена 22 работы мастака. Выстава працуе да канца кастрычніка.

Мікола ГАЙДУК.