Паважаная рэдакцыя. Прашу апублікаваць мой ліст, каб тое, што здарылася са мной, не адбылося з іншымі

У наш час, аказваецца, ёсць яшчэ людзі, якія хацелі б пажывіцца за кошт іншых. Я маю на ўвазе прадпрымальнікаў, якія падманваюць кліентаў.

Пабачыўшы на дзвярах свайго дома прыклееную аб’яву аб якаснай і вельмі дарагой замене вокнаў, а менавіта за 3 дні, я патэлефанавала па ўказаным нумары прадпрымальніку Я. з прапановай замяніць мне акно ў спальні.

15 верасня ён прыйшоў і замераў акно, аб’явіўшы мне, што яно будзе каштаваць 3 мільёны 200 тысяч рублёў, а тэрмін выканання 3 дні – нерэальны.

У дагаворы ён указаў, што абавязваецца замяніць акно на працягу 15 дзён.

Я мусіла пагадзіцца на гэты тэрмін. З мяне ён запатрабаваў папярэднюю аплату ў 100 тысяч рублёў, каб я не адмовілася ад заказу. Абяцаў патэлефанаваць і знік.

27 верасня я патэлефанавала яму сама і пачула, што мой заказ яшчэ не пачыналі выконваць і добра, калі ён будзе гатовы да 8 кастрычніка.

Я патлумачыла, што ў кастрычніку могуць пайсці дажджы, будзе сыра і пры замене вокнаў усе мае шпалеры са сценаў адваляцца. Аналагічна будзе і з пліткай на столі, бо тапіць яшчэ не будуць. Папрасіла яго вярнуць мне маю папярэднюю аплату, бо няма ніякай пэўнасці.

Ён сказаў, што грошы не аддасць. Але ж не вытрыманыя тэрміны і не вядома, калі заказ будзе выкананы.

Я патлумачыла, што нармальны прадпрымальнік спачатку узгадняе з пастаўшчыком (вытворца) тэрмінаў  выканання, таксама і з субпадрадчыкам, і толькі пасля складае дагавор з заказчыкам і ўказвае канкрэтны тэрмін вырабу або замены.

Цяпер я ведаю, што гэты прадпрымальнік са многімі заключаў дагаворы, ён браў папярэднюю аплату, работы па дагаворах не выконваліся.

Прашу апублікаваць гэты ліст, а кіраўніцтва Мядзельскага райвыканкама звярнуцб увагу на законнасць рэгістрацыі гэтага прадпрымальніка (дадзеныя у рэдакцыі – рэд.)

Раіса Маісеева, пенсіянерка, Вілейка.