Юбілейны, 25-ы, міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC ўпершыню пройдзе ў Палацы культуры 22 лістапада ў 19.00.

На працягу 24 гадоў фестываль праходзіў толькі ў Віцебску. Сёлета акрамя Віцебска яго прымуць Маладзечна, Гродна, Бабруйск і Мінск.

У Маладзечна 22 лістапада прыедзе ўладальнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” пермскі дзяржаўны тэатр “Балет Яўгена Панфілава”. Гледачы паглядзяць балет Яўгена Панфілава “Клетка для папугаяў” (музыка Жоржа Бізэ, Радзівона Шчадрына) і балет Аляксея Растаргуева “Лёс” (музыка класікаў і сучасных кампазітараў). Прадстаўленне адбудзецца ў Палацы культуры ў 19.00.

На жаль, маладзечанцы не змогуць паглядзець усё, бо сам конкурс пройдзе ў Віцебску 24 лістапада.

Фестываль жа сёлета пройдзе з 19 па 29 лістапада.

Пра конкурс

На конкурс даслалі 92 заяўкі, але ўдзельнічаць будуць усяго 28 калектываў з 13-і краін свету. Усяго 45 пастановак.

Ад Беларусі прадстаўлена сем калектываў. Яшчэ восем прыедуць з Расіі і шэсць – з Украіны. Па адным калектыве будзе з Польшчы, Літвы, Швейцарыі, Эстоніі і Японіі.

Два канкурсанты прадставяць міжнародныя праекты. Першы – Gao Shan Dance Company, дзе ўдзельнічаюць Італія, Кіпр, Германія і Кітай. А другі – Cie Shen Company, праект Кітая, Тайвані і Германіі.

Прэміяльны фонд фестывалю складае 15 тысяч долараў. Пяць тысяч з іх дастануцца ўладальніку Гран-пры.

Настасся РОЎДА.

Фота artmark.mm.by