Завяршыўся чэмпіянат краіны па футболе сярод жанчын. Удзельнічалі дзесяць камандаў.

Гулялі яны ў тры кругі, гэта значыць, за 27 тураў. Палітыка рэспубліканскай федэрацыі заключаецца ў тым, каб кожная вобласць мела сваю каманду ў чэмпіянаце.

У маладзечанскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ёсць секцыя футбола сярод дзяўчынак. Па гэтай прычыне менавіта каманда нашага горада (трэнер Сяргей Карыцька) і прадстаўляе Міншчыну сярод мацнейшых. Дарослых жанчын у складзе амаль няма, гуляюць, у асноўным, школьніцы. Зразумела, што ім дастаецца аўтсайдарская доля.

Сёлета ўвесь сезон вялі барацьбу з брэсцкай “Вікторыяй-86”, каб не заняць апошняе месца. У першым крузе атрымалі перамогу на выездзе, у другім крузе саступілі дома. У трэцім крузе 18 кРэкордны лік чэмпіянату Беларусі сярод жанчын – 25:0. З такім вынікам скончыўся матч “Бабруйчанка” – “Маладзечна”.астрычніка зноў прымалі саперніц дома. Лік сустрэчы 2:1 на карысць нашай каманды, усе галы забілі да перапынку.

Акрамя гэтых дзвюх перамог над брэстаўчанкамі, болей ачкоў “Маладзечна” зусім не набрала. Што тычыцца канкурэнтак, то яны падыходзілі да фінішу сезона з чатырма ачкамі, аднак у перадапошнім туры каманда з Воранава не прыехала на гульню ў Брэст. У выніку “Вікторыя-86” атрымала яшчэ ачкі за тэхнічную перамогу і ўсё ж апярэдзіла маладзечанак у турнірнай табліцы.

Трэба адзначыць, што многія матчы чэмпіянату заканчваліся не проста з буйным лікам, а з занадта разгромным, калі розніца складала больш за дзесяць мячоў. Так, напрыклад, “Мінск” забіў 188 мячоў, у сярэднім – 6-7 за матч. Нападаючая гэтай каманды Джуліяна Обі, легіянерка з Нігерыі, забіла 74 мячы, у сярэднім – 3-4 за матч.

Канешне, былі сустрэчы, калі занадта многа мячоў прапускала і маладзечанская каманда. Напэўна, асноўная праблема тычыцца гульні варатароў. Мала знойдзецца дзяўчат, якія б хацелі кідацца за мячом, што ляціць па зямлі, пэцкацца і гэтак далей.

Паралельна з асноўнымі камандамі праводзіліся два турніры для дублюючых складаў. Там гулялі дзяўчаты 1994-96 гадоў нараджэння і 1996-98 гадоў нараджэння. Выступалі ўсё тыя ж дзесяць камандаў, аднак у два кругі, гэта значыць, за 18 тураў. Наша каманда апошняй не была, і там, і там заняла восьмыя месцы. Старэйшыя мелі 4 перамогі і 1 нічыю, малодшыя мелі 3 перамогі і 1 нічыю.

Хачу выказаць свой асабісты погляд на формулу правядзення жаночага чэмпіянату. Няхай бы гулялі восем камандаў у чатыры кругі, гэта значыць, за 28 тураў. Маладзечанская ж каманда і яшчэ якая-небудзь, напрыклад, з Воранава, маглі бы выступаць толькі сярод дублёраў. Яны б значна паднялі канкурэнцыю там, сярод сваіх равесніц-школьніц.

Праўда, калі дзяўчаты вырастуць і захочуць прадоўжыць футбольную кар’еру, то ім прыйдзецца пераязджаць у іншы горад. Аднак у гэтым няма нічога нерэальнага. Ужо зараз за мінскую “Зорку-БДУ” і віцебскі “Універсітэт” гуляюць некалькі маладзечанскіх выхаванак.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.