21-гадовы маладзечанец скраў з пад’ездаў тры ровары, якія разам каштуюць амаль 2,5 мільёна рублёў. Суд вынес яму прыгавор першага лістапада.

Першы крадзеж абвінавачаны здзейсніў апоўначы 22-га красавіка. Тады ён перакусіў трос роварнага замка абцугамі і выкраў горнік, які каштуе 600 тысяч рублёў. Забраў і замок коштам 50 тысяч рублёў.

Другі крадзеж адбыўся 8-га жніўня каля 23.00. Абвінавачаны скраў ровар “Бусел”, які каштуе 500 тысяч рублёў, і веласіпедны замок коштам 50 тысяч рублёў.

Трэцяе зладзейства здарылася 12 жніўня, калі хлопец скраў горнік коштам 1 мільён 200 тысяч рублёў разам з веласіпедным замком за 25 тысяч рублёў.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам. Расказаў, што 12 жніўня быў нецвярозы. Па заключэнні эксперта ён пакутуе на алкагольную залежнасць.

Першы пацярпелы атрымаў свой ровар назад пасля таго, як звярнуўся ў міліцыю, але ўжо з пашкоджаннямі.

Другая пацярпелая ўбачыла прапажу свайго “Бусла” 9-га жніўня. Яна заявіла ў міліцыю, і ровар ёй вярнулі, праўда, толькі праз месяц. Аказалася, што абвінавачаны прадаў яго за 70 тысяч рублёў.

Трэці пацярпелы сам знайшоў свой ровар каля гаражоў. Але запрасіў 1 мільён 225 тысяч рублёў за маральную шкоду.

Суд прыгаварыў маладзечанца да года выпраўленчых работ з утрыманнем дзесяці працэнтаў заработнай платы (па частцы 1 і 2 артыкула 205 “Крадзеж”). Таксама яго будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

Абвінавачаны павінен выплаціць першаму пацярпеламу за матэрыяльны ўрон 1 мільён 50 тысяч рублёў, другой пацярпелай – 50 тысяч рублёў, а трэцяму – 1 мільён 225 тысяч рублёў. Дзяржпошліна ў даход дзяржавы для абвінавачанага складае 335 тысяч рублёў.

Тэрмін для добраахвотнага выканання прыгавору – месяц з дня ўступлення яго ў законную сілу.

Вадзім БЯРОЗКІН, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.

Фота з архіва “РГ”.