У лістападзе некалькі разоў дзікі на Вілейшчыне станавіліся ахвярамі паляўнічых і аўтааматараў.

Усяго за лістапад на дзікоў  тройчы палявалі браканьеры. Напрыклад, 15 лістапада падчас рэйда супрацоўнікі Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і Вілейскага лясгасу знайшлі парэшткі тушы дзіка.

Ад яго засталася шкура, косці. Падчас агляду заўважылі адтуліну, падобную на тую, што застаецца ад выстрала з наразной зброі.

На месца здарэння прыехала міліцыя. Паводле папярэдніх дадзеных, жывёла загінула 14 лістапада. Праводзіцца праверка.

Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, складае па шэсць мільёнаў рублёў за кожнага з трох дзікоў.

У дзікоў пачаўся гон

18 лістапада адбылося адразу два сутыкненні з машынамі.

Першы выпадак быў на аўтадарозе Мінск–Маладзечна–Мядзел каля вёскі Чарчонава каля 15 гадзін. Тушу жывёлы перадалі арандатару паляўнічых угоддзяў Вілейскаму доследнаму лясгасу.

Другое сутыкненне адбылося вечарам таго ж дня каля вёскі Журыхі. Тушу перадалі арандатару – вілейскаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў.

Шлюбны перыяд, які доўжыцца ў дзікоў у лістападзе-снежні, праходзіць вельмі бурна. Таму просім аўтамабілістаў быць максімальна ўважлівымі, калі зацемна праязджаеце каля лесу. У гэты час найбольшая верагоднасць, што дзік з’явіцца на дарозе.

Вілейская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету дзякуе жыхарам горада і раёна, якія садзейнічаюць выяўленню і спыненню фактаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Тэлефон інспекцыі 8(01771)3-52-26.

Руслан КУНАВІЧ, дзяржінспектар Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Фота забяспечана Русланам КУНАВІЧАМ.