Рэдкія для нашай краіны ласасёвыя рыбы сёлета зноў прыплылі на нераст ў рэчкі Астравеччыны і Смагоншчыны  з Літвы. Што змянілася ў экалогіі рэгіёна за апошнія некалькі гадоў?

Высакародная рыба жыве толькі ў краіне высакародных людзей
Ласасёвыя рыбы жылі ў Беларусі здаўна. Даследчыкі 14 стагоддзя пазначалі ў сваіх працах, што ў той час ласасёвых у Нёмане было так шмат, што імі харчаваліся вялікія самы.

Невыпадкова да сённяшніх дзён на гербе Астраўца – выява стронгі, якая таксама адносіцца да ласасёвых.

Рыбы “нагульвалі” тлушч у Балтыйскім моры, а на нераст вярталіся ў рэкі сучаснай Заходняй Беларусі.

Сітуацыя змянілася ў 20 стагоддзі, калі пачалі з’яўляцца гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне і Нёмане. Шлях з мора да Беларусі аказаўся перакрытым. Як вынік, ужо ў трэцім выданні Чырвонай кнігі 2004 года ў яе патрапілі тры віды ласасёвых рыб, якія раней былі па-за пагрозай знікнення – гэта ручаёвая стронга, кумжа і сёмга.

– Мы вылучаем тры асноўныя прычыны, па якіх рыба на доўгі час знікла з нашых рэк, – кажа Міхаіл Плюта, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук. – Першая з іх – плаціны і гідраэлектрастанцыі. Яны перашкаджаюць натуральнай міграцыі рыбы.

Для таго, каб палепшыць сітуацыю, не трэба знішчаць плаціны. Дастаткова абсталяваць іх спецыяльнымі рыбаходамі. Але і гэта каштуе вельмі дорага – некалькі соцень тысяч даляраў.

Такія плаціны сустракаюцца на некаторых прытоках Віліі. Прайсці праз іх для рыбы – задача невыканальная.

Цікава, што перашкаджаюць рыбам бабры, якія самі не так даўно былі ў Чырвонай кнізе. Цяпер жа яны так шчыльна засялілі Астравеччыну, што пакутуюць ад гэтага ласасёвыя.

– Часам плаціны баброў дасягаюць двух метраў у вышыню, – дадае Міхаіл Плюта. – Рыба проста не можа іх пераскочыць! Валанцёрам даводзіцца рабіць для рыб невялікія дзіркі ў плацінах.

Забруджванне рэчак сцёкамі з жывёлагадоўчых ферм – другая прычына, па якой рыба не імкнецца ў рэгіён. Трэцяй з’яўляюцца браканьеры.

Калі вам сталі вядомыя факты браканьерства ці парушэння заканадаўства ў галіне аховы прыроды, паведамляйце пра гэта па тэлефонах:
Дзяржаўная інспекцыя аховы прыроды – тэл. 8 (017) 39-00-000
Смаргонская міжраённая інспекцыя – тэл. 8 (0159) 23-26-74
Вілейская міжраённая інспекцыя – тэл. 8 (0177) 13-52-26

Эколагі дадаюць: ласасёвыя адносяцца да высакароднай чырвонай рыбы. Цяпер такая рыба можа жыць толькі ў тых месцах, дзе людзі ствараюць неабходныя для яе ўмовы. Таму пытанне аб тым, ці надоўга затрымаюцца ласасёвыя ў Беларусі, выключна на сумленні беларусаў.

Такія стэнды можна пабачыць на Астравеччыне. Арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” інфармуе насельніцтва аб тым, як можна захаваць рэдкія віды рыб.

 Рыбы праплываюць 500 кіламетраў

Ласасёвыя віды рыб з’яўляюцца ў Беларусі з кастрычніка. Яны пачынаюць свой шлях з Балтыйскага мора ў канцы жніўня.

За месяц рыбы пераадольваюць 500 кіламетраў!

Прычым плыць ім даводзіцца супраць цячэння. Нераст рыб у Заходняй Беларусі пачынаецца ў снежні: менавіта тады тэмпература вады апускаецца да неабходных 4-6 градусаў.

 Ласасёвыя любяць галькавае дно: паміж каменьчыкамі ідзе добрая цыркуляцыя кіслароду, а ікрынкі схаваныя ад моцнага цячэння, – распавядае Вольга Лукшыц, каардынатар праекта “Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве”. – Убачыць рыбу днём складана. Звычайна пры набліжэнні чалавека яна хаваецца пад карчы. Ноччу яна адчувае сябе бяспечна, чым і карыстаюцца браканьеры.

Для гнёздаў кумжа і сёмга абірае неглыбокія прытокі Віліі. Эколагі просяць журналістаў не называць назвы канкрэтных рэк, дзе нерасціцца рыба, каб не прыцягваць увагу браканьераў.

Так выглядаюць гнёзды ласасёвых рыб.

Адна рыбіна можа адкласці да трох тысяч ікрынак. Тры дарослыя рыбы з такой кладкі – ужо добры вынік. Звычайныя памеры для дарослай беларускай кумжы і сёмгі – каля трох кілаграмаў.

Першыя тры гады жыцця рыба праводзіць у Беларусі, пасля плыве ў мора, каб “нагуляць” тлушч і вярнуцца на нераст.

Ці не пашкодзіць рыбе Астравецкая АЭС?

Эколагі звяртаюць ўвагу на тое, што дадатковай небяспекай для рыб стане ўзнікненне АЭС у Астравецкім раёне. Насельніцтва раёна можа павялічыцца ў пяць разоў. Павялічыцца і ўздзеянне чалавека на ваду. Гэта таксама можа адвадзіць рыб.

– Ніякай пагрозы для рыб не існуе, – сцвярджае Эдуард Свірыд, кіраўнік інфармацыйнай работы на будаўніцтве АЭС. – Новых дамб і плацін каля АЭС будавацца не будзе. Для працы станцыі спатрэбіцца вада з Віліі, якая пасля будзе выкарыстоўвацца паўторна. Першы раз збор вады складзе не больш за 4% ад агульнага аб’ёму Віліі. Вада, што будзе награвацца падчас працы АЭС, астудзіцца пры дапамозе спецыяльных градзільных установак. Пасля яна не будзе вяртацца ў Вілію, таму сярэднегадавая тэмпература ракі не зменіцца.

Эдуард Свірыд дэманструе сістэму для ахалоджвання вады на Астравецкай АЭС. Па яго словах, шкоды Віліі яна наносіць не будзе.

Колькі можа каштаваць адна рыбіна?

Заканадаўства Беларусі прадугледжвае пакаранні за  незаконную лоўлю рыбы.
– За незаконную лоўлю парушальніка чакае адміністрацыйная адказнасць, – гаворыць Сяргей Хацяновіч, супрацоўнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя. – За гэта прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (2-5 мільёнаў рублёў). Да гэтага дадаецца кампенсацыя ўрону: за адну вылаўленую рыбіну – шэсць базавых велічынь (600 тысяч рублёў). Калі агульная сума штрафу перавышае 40 базавых (4 мільёны рублёў), наступае крымінальная адказнасць.

Такім чынам, пры мінімальным штрафе адна рыба можа каштаваць браканьеру 2 мільёны 600 тысяч рублёў (каля 315 даляраў).

Як мясцовыя жыхары могуць дапамагчы рыбе

Вялікую ролю ў захаванні рэдкіх рыб адыгрываюць валанцёры. Неабыякавыя людзі праводзяць начныя патрулі па берагах рэк. Браканьеры выходзяць на паляванне менавіта ноччу. Кожную ноч у перыяд нерасту валанцёры з ліхтарамі абходзяць рэчкі. Сярод добраахвотнікаў ёсць і хлопцы, і дзяўчаты.

“Вытаваць ласасёвых”  – такі дэвіз у мясцовых валанцёраў.

– Цяпер рыба зусім дробная стала, не тое, што была раней, – заўважае мясцовы жыхар Вацлаў Блажэвіч. Ён адным з першых заўважыў, што некалькі гадоў таму кумжа і сёмга вярнуліся на Астравеччыну. Тады разам з аднадумцамі і распачаў дзейнасць па ахове рыбы. – Думаю, каля рэчак варта паставіць вышку. Так і валанцёрам зручней – не трэба хадзіць, усё будзе відаць зверху. І рыба палохацца не будзе.

Вацлаў Блажэвіч ужо некалькі гадоў дапамагае валанцёрам ратаваць рыбу.

Вядома, валанцёры не могуць затрымаць парушальніка. Але адной сваёй прысутнасцю яны папярэджваюць злачынствы. Гэта паказвае і статыстыка: выпадкі браканьерства за апошнія некалькі гадоў сталі рэдкімі.

У такіх намётах грэюцца валанцёры падчас начных абходаў рэк.

Днём, калі валанцёраў няма ў лесе, іх месца займаюць… мясцовыя каты. Хто ж лепш за іх зможа сачыць за рыбай?

Таксама валанцёры дапамагаюць у будаўніцтве рыбаходаў – спецыяльных канструкцый, пры дапамозе якіх рыба можа праходзіць праз дамбы і плаціны.

– Мы хочам паказаць людзям, што рыбаходы працуюць нават на невялікіх рэках, – кажа Анатоль Лоўкіс, рыбак–аматар, які збудаваў драўляны рыбаход на адным з прытокаў Віліі. – Для мяне гэта была і добрая інтэлектуальная задачка: трэба было прадумаць, як накіраваць рыбу супраць цячэння. У выніку ўсё атрымалася.

Рыбаход, пабудаваны Анатолем Лоўкісам на адным з прытокаў Віліі.

Рыбе таксама перашкаджаюць візы?

Праблемай захавання ласасёвых займаюцца не толькі беларусы. У суседняй Літвы ёсць першы поспех – у 1998 годзе з Чырвонай кнігі Літвы выйшла сёмга, у 2011-м – кумжа. Пра літоўскі досвед расказвае Кестуціс Скрупскеліс, спецыяліст па міграцыі ласасёвых рыб літоўскага Цэнтра прыроды.

Кестуціс Скрупскеліс ужо некалькі гадоў сочыць за нерастам рыб на тэрыторыі Літвы.

 

– Якія паказчыкі дазволілі літоўцам вывесці ласасёвых з Чырвонай кнігі?
– Папуляцыя ласося ў нас цяпер каля пяці тысяч, кумжы – каля 10 тысяч. У нас ёсць адзін завод па развядзенні ласасёвых. Там апладняюць ікру, а малькоў пасля выпускаюць у рэкі.

– Як кантралюецца адлоў рыбы ў Літве?
– Кожны, хто хоча парыбачыць, мусіць набыць ліцэнзію. Адзін дзень абыдзецца ў шэсць даляраў. Лавіць можна колькі заўгодна, але ўзяць з сабой – толькі адну рыбіну. Прычым рыбачыць можна з 1 студзеня па 15 верасня. Штрафы за парушэнне правілаў лоўлі – ад 200 даляраў за кумжу і ад 500 даляраў за ласося.

– Ці можна злавіць ласасёвых у Вільні?
– Так, я сам неаднойчы бачыў, як рыбакі цягнуць рыбіну дадому праз горад. У нас нават з’яўляюцца турысты са Скандынавіі, якія прыязджаюць спецыяльна парыбачыць. Такіх вялікіх ласосяў, як у Літве, няма нават на поўначы. Рыбіна ў дзевяць кілаграмаў для нас – звычайная з’ява.

– Цяпер міграцыі ласасёвых у Беларусь перашкаджае гідраэлектрастанцыя ля Коўна. Ці хутка там з’явяцца рыбаходы?
– Не магу назваць канкрэтных тэрмінаў.  Праекты рыхтуюцца, але іх кошты вялікія – каля двух мільёнаў ёўра. Цікава, што тая рыба, якая ідзе з мора праз Вілію, перад самай мяжой з Беларуссю зварочвае ў літоўскую Жаймену. Хаця нічога не перашкаджае ёй плыць далей у Беларусь. Можа, рыбу таксама, як і людзей, палохаюць візы?

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Мікалая ЧАРКАСА і Аляксандры ПАРАХНІ.