Парушэнні “УКБ-Мядзел” пры будаўніцтве.

Крэдытную запазычанасць забудоўшчыкам паменшылі на 508 мільёнаў пасля праверкі інвестыцыйнага будаўнічага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва-Мядзел”, дзе выявілі шэраг парушэнняў.

Падчас будаўніцтва жылых дамоў прадпрыемства праігнаравала патрабаванне прэзідэнта вытрымліваць нарматыўныя тэрміны будаўніцтва, а таксама садзейнічаць змяншэнню коштаў на жыллё.

Будавалі ў два разы даўжэй

На некаторых аб’ектах работы вяліся ў два разы даўжэй, чым патрабавалі нормы. Пры гэтым змяненне тэрміну з мясцовай  выканаўчай уладай было ўзгоднена толькі на адзін з шасці дамоў, якія будавалі.

Неапраўдана зацягваліся тэрміны (па два-тры гады) прыёмкі ў эксплуатацыю закончаных аб’ектаў, якія будавалі з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. Аднак пры гэтым усе названыя аб’екты эксплуатаваліся, што таксама парушае заканадаўства.

Без акта ўводу з лютага да снежня 2012 года выкарыстоўваўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Мядзеле.

Неэфектыўна выкарыстоўвалі мільёны рублёў

Беспадстаўна шэраг уведзеных у эксплуатацыю аб’ектаў на працягу доўгага часу не перадавалі на баланс эксплуатуючых арганізацый, з-за чаго бюджэт не атрымаў 14,2 мільёна рублёў плацяжоў.

Надзвычай неэфектыўна выкарыстоўвалі 168,5 мільёна рублёў бюджэтных сродкаў на распрацоўку яшчэ ў 2009-2010 гадах і незапатрабаванай праектнай дакументацыі. Пры гэтым будаўніцтва большасці спраектаваных аб’ектаў магчымае толькі пасля перапрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і станоўчага заключэння экспертызы. Для гэтага патрабуюцца дадатковыя выдаткі.

Не кантралявалі будаўніцтва

Прадпрыемства “УКБ-Мядзел”, выконваючы функцыі заказчыка і тэхнічнага наглядчыка за будаўніцтвам жылля, фактычна ўхілялася ад звязаных з гэтым функцый.

Падчас праверкі двух з шасці аб’ектаў жылля, у адносінах да якіх прадпрыемства ў 2011-2012 гадах выконвала тыя ж функцыі, выявілі грубыя парушэнні заканадаўства аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, неэфектыўнае і незаконнае выкарыстоўванне крэдытных рэсурсаў банкаў. Гэта ў некаторых выпадках істотна адбілася на кошце будаўніцтва.

На стадыі праектавання 165-кватэрнага жылога дома ў курортным пасёлку Нарач “УКБ-Мядзел” ухілялася ад забеспячэння аб’екта праектнай дакументацыяй. У выніку жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў, не валодаючы інфармацыяй аб рынку паслуг па праектаванні, самастойна прызначыў праекціроўшчыка, кіруючыся толькі нізкім коштам праекта.

У выніку праект распрацавалі не тыпавы, а індывідуальны, праектную дакументацыю распрацавалі і перадалі падрадчыку несвоечасова і не ў поўным аб’ёме. Гэта потым адбілася на кошце, якасці і тэрмінах выканання будаўнічых работ.

На працягу ўсяго перыяду будаўніцтва “УКБ-Мядзел” не забяспечыла належны кантроль за вядзеннем будаўніцтва, своечасова не вырашала пытанні ўзгаднення з праектнай арганізацыяй няўлічаных у дакументацыі работ, аб неабходнасці правядзення дадатковых работ, замене матэрыялаў.

З-за адсутнасці кантролю і парушэння заканадаўства будаўнічая фірма “Барыт” без узгаднення з праекціроўшчыкам выконвала дадатковыя працы, якія вызначала самастойна, выкарыстоўвала не прадугледжаныя праектам матэрыялы.

Карэкціроўка праектнай дакументацыі з улікам унесеных змяненняў і дапаўненняў патрабавала правядзення дадатковай  дзяржаўнай экспертызы і зацвярджэння архітэктурнага праекта.

Адсутнасць кантролю з боку прадстаўніка тэхнічнага нагляду прывяло да таго, што будаўнічая фірма ў жылым доме замест уваходных дзвярэй усталявала дзверы ўнутраныя.

Субпадрадчыкі беспадстаўна ўключалі ў акты выкананых работ кошт матэрыялаў, хаця работы выконвалі і выкарыстоўвалі матэрыялы іншыя суб’екты гаспадарання.

Патуранне прадпрыемства “УКБ-Мядзел” на стадыі падпісання дагавора дало магчымасць будаўнічай фірме самастойна прымаць рашэнні аб закупках будаўнічых матэрыялаў, якія набывалі не ў вытворцаў, а ў пасрэднікаў.

Набыццё будматэрыялаў (пліты перакрыцця, дзвярныя і аконныя блокі і г.д.) напрамую ў вытворцаў абышлося б танней на 200 мільёнаў рублёў.

Пры гэтым сутнасць гаспадарчых аперацый па адгрузцы матэрыялаў ад пасрэдніка да будаўнічай фірмы заключалася толькі ў выпісцы таварных накладных.

Адказнасць за парушэнні

Падчас праверкі “УКБ-Мядзел” выявілі і іншыя парушэнні: тэхнічных нарматыўных прававых актаў, будаўнічых нормаў, парушэнне правядзення працэдуры перагавораў, правілаў утрымання будаўнічай пляцоўкі, невыканання прадпісанняў органаў дзяржнагляду па ліквідацыі парушэнняў, парадку вядзення бухгалтарскага ўліку.

За дапушчаныя правапарушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя восем службовых асоб, яны аштрафаваныя на 3,4 мільёна рублёў. Інвестыцыйнае будаўнічае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва-Мядзел” аштрафаванае на 28 мільёнаў рублёў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя чатыры чалавекі.

Крэдытная запазычанасць забудоўшчыкам паменшаная за выкананыя на жылых дамах будаўнічыя работы на 508 мільёнаў рублёў. Пастаўлена на ўлік аб’ектаў асноўных сродкаў на суму 382 мільёны рублёў.

Паводле матэрыялаў праверкі Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.