У новым сезоне галоўная раённая каманда вернецца да сваёй звыклай назвы. Замест “Забудовы” ў пратаколах зноў будзе запісвацца “Маладзечна”.

Месяц назад пад апякунствам аддзела райвыканкама па фізкультуры, спорце і турызме была створаная ініцыятыўная група, якая занялася пошукам сродкаў для падтрымкі маладзечанскага футбола на гэты год. Мяркуецца, што члены групы зоймуцца прыцягненнем спонсараў.

Другая ліга летась налічвала 19 камандаў. Тры мацнейшыя адправіліся “на павышэнне” ў першую лігу. Гэта “Смалявічы-СТІ”, “Белтрансгаз” (Слонім) і “Іслач” (Мінскі раён). Адтуль “на паніжэнне” ідзе адна каманда – “Рудзенск” (Пухавіцкі раён). У першай лізе, хутчэй за ўсё, выступіць аб’яднаны калектыў ФК “Слонім”, таму ў другой лізе ўжо не будзе “Камунальніка” з гэтага горада.

Не будуць сёлета выступаць “Дынама-2” (Мінск) і, магчыма, “Віцебск-2”. Іх футбалісты змогуць удзельнічаць у новым турніры, юнацкім першынстве рэспублікі ва ўзроставай катэгорыі да 19 гадоў. Клуб “Мёры” наогул спыніў сваё існаванне – у мясцовым бюджэце не знайшлося грошай на чарговы сезон. Але пасля гадавой паўзы вяртаецца на рэспубліканскі ўзровень каманда “Вертыкаль” (Калінкавічы), традыцыйны ўдзельнік другой лігі.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.