Чацвертага лютага беларусы адзначаюць 205-годдзе з дня нараджэння драматурга, паэта, тэатральнага дзеяча Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Асаблівая ўвага надаецца ўгодкам на Валожыншчыне: у фальварку Люцінка драматург пражыў больш за дваццаць гадоў. 

У бібліятэцы пройдзе літаратурная гасцёўня
– Наша мерапрыемства будзе не надта масавым, – распавядае Алена Сугака, загадчыца дзіцячай бібліятэкі. – Напачатку мы раскажам удзельнікам пра лёс нашага знакамітага земляка, зробім агляд тых кніг, якія ёсць у нашай бібліятэцы, абмяркуем творы. Ахвотныя змогуць прачытаць вершы Дуніна-Марцінкевіча.

Літаратурныя гасцёўні праходзяць у бібліятэцы рэгулярна. Актыўны ўдзел у іх прымаюць удзельнікі літаратурнага клуба “Кругагляд”.

Дом культуры прыме конкурс выканаўцаў
Раённы конкурс выканаўцаў пройдзе ў сярэдзіне лютага. Удзельнічаць у ім могуць і школы, і ўстановы культуры.

Узроставых абмежаванняў конкурс не мае. Адзінае патрабаванне – жаданне прачытаць верш Дуніна-Марцінкевіча ці падрыхтаваць інсцэніроўку яго драматычных твораў.

– Ацэньваць удзельнікаў будзе журы, – кажа Валянціна Гіруць-Русакевіч, кіраўніца народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. – У ім збяруцца прадстаўнікі аддзелаў культуры, адукацыі, а таксама аддзела па справах моладзі. Пераможцы атрымаюць не толькі дыпломы, але і падарункі.

– Да ўгодкаў Дуніна-Марцінкевіча мы рыхтуем слайд-прэзентацыю, – распавядае Наталля Лоўчая, дырэктар раённага музея. – У такой лёгкай для разумення форме мы раскажам пра жыццё і творчасць пісьменніка. На жаль, ніякіх яго рэчаў у фондзе няма – ні крэсла, ні вопраткі, ні стала. Таму будзем выкарыстоўваць тое, што ёсць. Напрыклад, фотаздымкі яго родных, якія прыляталі з Амерыкі на мінулыя ўгодкі, калі пісьменніку спаўнялася 200 гадоў. Таксама здымкі мясцінаў, якія доўгі час былі звязаныя з імем драматурга – архіўныя і сучасныя віды Люцінкі. Нашу працу пакажам гледачам на конкурсе ў Доме культуры. 

Канчатковая дата конкурсу не называецца.

Пакуль мерапрыемства запланаванае на 17 лютага.

– Цяпер толькі пачынаецца грып у нашым рэгіёне, – кажа дырэктар раённага цэнтра культуры Марыя Тур. – Калі да сярэдзіны лютага хвароба будзе пашырацца, то перанясём конкурс на больш позні час. З кім жа яго праводзіць, калі людзі будуць хварэць?

Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота забяспечана Наталляй ЛОЎЧАЙ.