Шасцёра выхаванцаў мясцовай спартыўнай школы (дырэктар Валеры Юрчанка), выступілі з 30 студзеня па 2 лютага на спаборніцтвах па дзюдо ў Бабруйску.

Гэта былі Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння. Адно “золата” і адну “бронзу” заваявалі спартсменкі, якіх падрыхтаваў трэнер Юры Гулецкі.

У вагавай катэгорыі да 63 кілаграмаў Юлія Цыбоўская атрымала тры перамогі і па праву стала пераможцай турніру. Дарэчы, гэта дзяўчына нядаўна перайшла на новы ўзровень падрыхтоўкі, паступіла ў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску.

У вагавай катэгорыі да 44 кілаграмаў Жанна Асіповіч выйграла стартавы паядынак, потым пацярпела паражэнне, потым зноў выйграла. У выніку яна заняла трэцяе месца, хаця па ўзросце была на год маладзейшая за сваіх саперніц.

Пятыя пазіцыі ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Дзмітры Багуцкі, Алеся Лазар і Вікторыя Радзевіч, сёмую пазіцыю – Аляксей Ягела.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Фота  www.judo.by