Зімовыя месяцы – гэта той час, калі прадстаўнікі каралевы спорту высвятляюць свае адносіны пад дахам закрытых памяшканняў.
7-9 лютага спецыялізаваны комплекс у Магілёве сабраў удзельнікаў першынства краіны сярод юніёраў і юніёрак, якім па 17-18 гадоў.

Каманда Мінскай вобласці ездзіла туды пад кіраўніцтвам Леаніда Арцем’ева, спецыяліста з маладзечанскай ДЮСШ №3. Са сваёй спартыўнай школы ён узяў чатырох выхаванцаў. Адна з іх – Таццяна Гулецкая – стала сярэбраным прызёрам турніру на дыстанцыі 1500 метраў з паказчыкам 4.50,03. Каля 4 секунд яна саступіла пераможцы і каля 1 секунды выйграла ў бронзавага прызёра.

На дыстанцыі 2000 метраў з перашкодамі чацвертае месца заняла Вераніка Ваўковіч. На дыстанцыі 3000 метраў Таццяна Гулецкая стала таксама чацвертай, а Вераніка Ваўковіч – шостай.

У апошняй дэкадзе студзеня горад Брэст прыняў удзельнікаў дзвюх рэспубліканскіх спартакіяд сярод юнакоў і дзяўчат рознага ўзросту. Прадстаўнікі рэгіёна прывезлі адтуль некалькі першых месцаў.

Анастасія Рароўская (катэгорыя 1996-97 гадоў нараджэння) з Астраўца выйграла хадзьбу на пяць кіламетраў. Яна паказала час 25.37,5 з адрывам у 40 секунд ад бліжэйшай канкурэнткі. Уладзіслаў Сяргей (катэгорыя 1998-99 гадоў нараджэння) з Маладзечна выйграў бег на 800 метраў, паказаў час 2.05,0 з адрывам у 2,1 секунды. І ён жа выйграў бег на 1500 метраў, час – 4.25,0 з адрывам у 4,2 секунды.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.