Напярэдадні Дня роднай мовы карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” высветлілі, ці гатовыя прадаўцы маладзечанскіх крамаў да беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці.


Размовы з “перакладчыкам” і без

Першым пунктам нашага прыпынку стала крама з бялізнай. Мы звярнуліся да прадаўшчыцы па дапамогу – хацелі знайсці прыгожы сіні станік. Жанчына не зразумела, што мы шукаем, і перапыталася: “Сіні… што?” Нечакана на дапамогу прыйшла незнаёмая пакупніца: “Бюстгальтар”.

Такім чынам, пры дапамозе “перакладчыка”, мы высветлілі, што бялізны неабходнага нам колеру ў краме няма. Але тое, што слова “станік” – звычайнае для некаторых маладзечанцаў, вельмі парадавала.

Цікавая суразмоўца сустрэлася нам у мэблевай краме. З мэтай як мага больш заблытаць прадаўшчыцу, мы звярнуліся з пытаннем: “Ці можна ў вас падабраць канапу і дыван у тон, ружовага колеру?”

Але заблытаць жанчыну ў нас не атрымалася: за канапай яна накіравала нас у залу мэблі, а за дываном – у аддзел дываноў. Прадаўшчыца паказала ўсё, што ёсць ружовага ў краме, і пры гэтым імкнулася адказваць таксама па-беларуску.

Па дарозе сустрэлася нам і галантарэйная крама. У ёй мы вырашылі пашукаць дзіцячы парасон. На пытанне “дзе ў вас парасоны?” прадаўшчыца сталага ўзросту адказала: “Зонтики на нижней витрине”. На пытанні аб кошце, памеры і колеры яна таксама адказвала па-руску.

Падобная сітуацыя была і ў краме канцылярскіх тавараў. Прадаўшчыца без перапытванняў паказала каляровыя алоўкі.

Вяршкі і воцат – прадукты-таямніцы

Больш за ўсё непаразуменняў чакала нас у прадуктовай краме. Спачатку мы накіраваліся ў малочны аддзел, каб набыць вяршкі.

Пытанне “якія вяршкі ў вас самыя тлустыя?” прымусіла прадаўшчыцу глыбока задумацца.

Але адказваць яна не спяшалася – глядзела, у які бок вітрыны мы кідаем позіркі. Пасля паказала нам на тварог і параіла шукаць у гэтым месцы. На пытанне “ці ёсць у вас вяршкі ўвогуле?” яна адмаўчалася. Склалася ўражанне, што прадаўшчыцы было проста няёмка прызнацца, што яна не разумее, пра што ідзе гаворка.

Далей мы пайшлі па воцат. Тут, пасля трохразовага перапытвання і погляду здзіўленых вачэй, нам давялося сказаць па-руску  – “уксус”. Толькі тады маладая прадаўшчыца змагла паказаць нам неабходны тавар.

Ніякіх праблем не ўзнікла ў кандытарскім аддзеле. Такія словы, як “цукеркі” і “печыва”, успрымаліся гандляркамі без здзіўлення.

“Говорите по-человечески!”

Падчас эксперыменту ў галаве ўсплывалі прыклады непаразуменняў з уласнага досведу. Неяк, набываючы маркі на пошце, карэспандэнт “РГ” патрапіла ў непрыемную сітуацыю. Прадаўшчыца і з трэцяга разу не змагла зразумець, што я маю на ўвазе, калі прашу маркі для перасылкі картак у далёкае замежжа. Пасля чарговага перапытвання яна сказала: “Вы можете мне нормально, по-человечески сказать?” Такія сітуацыі складана нават каментаваць.

Быў і выпадак у прадуктовай краме, зноў жа звязаны з вяршкамі. Прадаўшчыца не змагла зразумець, што ад яе хоча беларускамоўная пакупніца. Калі я паказала ёй на вітрыне вяршкі, яна адказала на эмоцыях: “Это вы сливки так называете? Какие же они вершки? Вы бы их ещё нижками назвали…”.

Зусім свежы прыклад – з наведвання салона татуіроўкі ў Мінску. На маю просьбу паказаць завушніцы ў храсток, майстар татуіроўкі пачаў у адкрытую кпіць з маёй мовы, крыўляючы беларускі акцэнт. Набраўшыся цярпення, я моўчкі падышла да касы.

І тут майстар пачаў разлічваць мяне на чыстай беларускай. Як высветлілася, ён проста хацеў праверыць маю рэакцыю і пабачыць, як я пастаўлюся да такой “моўнай агрэсіі”.

Толькі праз пару тыдняў, шукаючы інфармацыю ў інтэрнэце, мне на вочы патрапіўся фотаздымак майстра са сталічнага салона. Аказваецца, маю моўную трываласць правяраў саліст гурта “Зніч” Алесь Таболіч.

Чытайце праз тыдзень: Мы спыталіся ў сямікласнікаў і васьмікласнікаў, што яны ведаюць пра Беларусь і родную мову. Якія ведаюць яны беларускія казкі? Ці лічаць беларускую мову роднай? Адказы падлеткаў чытайце ў наступную пятніцу на сайце і ў газеце.

Маладое пакаленне дрэнна ведае беларускую мову

Тую выснову, якую мы зрабілі пасля эксперымента, нельга назваць нечаканай. Больш звыклай і зразумелай беларуская мова з’яўляецца для старэйшага пакалення.

Вядома, падчас эксперымента мы адмыслова выбіралі найбольш адметныя беларускія словы, пераклад якіх не мае нічога агульнага з рускім адпаведнікам. Але і рэакцыя на іх была таксама вельмі рознай.

Людзі сталага веку разумеюць мову з усімі яе адметнасцямі, часам і адказваюць на беларускамоўныя пытанні па-беларуску.

Для моладзі ўсё больш складана. Маладыя прадаўшчыцы не толькі не да канца разумелі, пра што ідзе гаворка, але і відавочна здзіўляліся, калі разумелі, што да іх звяртаюцца па-беларуску. Часам паўтараючы адно і тое ж слова па тры разы, мы адчувалі сябе проста іншаземцамі.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Наталля ТУР.

Фота strash.ru

Чытайце на гэтую ж тэму:

21 лютага – Дзень роднай мовы

Купляйце беларускае – і атрымлівайце падарункі