На пачатку сакавіка ледзь не кожны мужчына накіроўваецца ў краму за кветкамі. Менавіта мімозы і цюльпаны выклікаюць самыя трывалыя асацыяцыі са святам 8 Сакавіка, з пачаткам вясны. Як змяніўся выбар кветак за апошнія гады?

Для таго, каб разабрацца ў гэтым пытанні, карэспандэнт “РГ” накіравалася ў маладзечанскую краму кветак “Магія”. Прадаўшчыца Юлія Герасенка падзялілася сваімі назіраннямі: за кветачным прылаўкам яна ўжо больш за пяць гадоў.

Людзі сталі больш практычнымі
Спадарыня Юлія адразу адзначае: кветкі – гэта падарунак, які заўсёды будзе ў модзе. 

– Попыт на кветкі ёсць кожны дзень, – кажа прадаўшчыца. – Да абеду звычайна прыходзяць, каб замовіць кветкі для прадпрыемстваў і арганізацый, а пад вечар больш заходзяць за асобнымі букетамі. 

За апошнія некалькі гадоў людзі сталі больш практычнымі: цяпер набываюць пераважна не зрэзаныя кветкі, а расліны ў вазонах. Як адзначаюць у краме, звязана гэта ў першую чаргу з жаданнямі жанчын: ім шкада праз пару дзён выкідаць завялую кветку, таму яны самі просяць мужчын дарыць кветкі ў гаршках. 

– Асаблівую папулярнасць набылі архідэі, – заўважае спадарыня Юлія. – Кошт аднаго вазона – ад 150 тысяч рублёў. Але любы, хто набываў гэтыя кветкі, скажа вам, што яны таго вартыя.

Некаторыя віды архідэй квітнеюць цягам дзевяці месяцаў!

Сённяшні выбар: і гваздзікі, і бансай
Самы танны букет абыдзецца ў 33 тысячы: тры гваздзікі упакуюць у празрысты цэлафан.  Мяжы самым высокім цэнам не існуе: тут усё залежыць ад жадання і магчымасцей пакупніка.

– Самыя дарагія букеты, якія мы выстаўляем на вітрыне, каштуюць 120 тысяч рублёў, – кажа спадарыня Юлія. – У гэты кошт уваходзяць тры хрызантэмы, лісты папараці і абгортка. Больш дарагія робім пад заказ.

Па жаданні пакупніка ў букет могуць увайсці геацынты, фрэзіі, герберы і іншыя кветкі.

Расліны ў вазонах таксама можна падабраць на любы густ: ад фіялак і кактусаў да экзатычнага бансай. Мініяцюрнае дрэўца каштуе 250 тысяч рублёў.

– Не магу сказаць, што бансай карыстаецца папулярнасцю, – адзначае прадаўшчыца. – Ён адносна нядаўна з’явіўся ў продажы. 

Кветкі вязуць з Паўночнай Амерыкі
Геаграфія паходжання кветак, якія можна набыць у крамах, – самая разнастайная.  

Некаторыя віды ружаў, архідэй, хрызантэмаў і гваздзікоў прыбываюць з Галандыі і нават Эквадора, які знаходзіцца на іншым кантыненце – у Паўночнай Амерыцы.

Традыцыйныя святочныя мімозы часцей за ўсё прыбываюць з Францыі.

А вось якасныя цюльпаны прывозяць з Польшчы. Вырошчваюць іх і ў нашай краіне. Таксама вядомыя пакупнікам і беларускія ружы.

Бліскаўкі і птушкі – на выбар пакупніка

Асобным пунктам пры набыцці кветак стаіць упрыгожванне расліны. Самы распаўсюджаны спосаб – загарнуць яе ў каляровую паперу ці цэлафан, а таксама навязаць стужачку. 

У зямлю вазона можна ўткнуць дэкаратыўную палачку са штучным матылём або птушкай. Кошты на іх пачынаюцца ад 7 тысяч рублёў.
 Ёсць і ўпрыгожванні, зробленыя з пер’я, – іх укладваюць у букеты. Кошт адной штукі – тысяча рублёў.

Сярод моладзі папулярнасцю карыстаюцца бліскаўкі: імі можна абсыпаць гатовы букет. У краме “Магія” гэта  робіцца бясплатна.

Толькі палова мужчын умее выбіраць кветкі
Выбар букета – задача адказная. Па рознаму да яе вырашэння ставяцца мужчыны і жанчыны. Калі першыя аддаюць перавагу класіцы – ружам, то апошнія імкнуцца набыць арыгінальны, непаўторны букет. 

Пытанне аб тым, ці ўмеюць нашы мужчыны выбіраць кветкі, прымушае прадаўшчыцу задумацца.

– Я б сказала, што 50 на 50, – адказвае яна. – Ёсць такія, якія прыходзяць і адразу кажуць: “Мне трэба бягонія”. Ім можна дапамагчы хіба што ў выбары колеру. А ёсць і такія, якія і самі не ведаюць, што шукаюць. Тады я распытваюся, для каго набываецца букет, які ўзрост гэтага чалавека. 

Пры гэтым сярод наведнікаў крамаў з кветкамі няма перавагі мужчын: прыкладна палову пакупнікоў складаюць жанчыны. 

– Звычайна лёгка вызначыць, як мужчына падрыхтаваўся да свята, – дзеліцца назіраннямі спадарыня Юлія. – Калі набывае вялікі прыгожы букет – часцей за ўсё, ён і будзе галоўным падарункам. Калі набывае сціплы букет альбо адну кветку – магчыма, у яго ўжо ёсць нейкі асноўны падарунак, а кветка – проста дадатак. 

Кошты на гатовыя букеты пачынаюцца ад 100 тысяч.

 Да свята 8 Сакавіка крамы звычайна рыхтуюцца загадзя. Кветак закупляюць значна больш, чым у звычайны дзень. 

– Мы нават адчыняемся на гадзіну раней, чым звычайна, – адзначае прадаўшчыца. – Людзі ідуць з самага ранку. Цюльпаны расходзяцца ўжо за некалькі першых гадзін. Вядома, за гэты дзень вельмі стамляемся. Але ж і свята такое бывае раз на год, таму ў яго варта дапамагчы іншым з выбарам падарунка.
 
Даведка “РГ”. Бансай – ад японскага “дрэва на падносе”. Мініяцюрнае дрэва, якое з’яўляецца дакладнай копіяй звычайнага. Вырошчваецца дзякуючы спецыяльнай адмысловай тэхніцы падрэзкі галінак.

Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Аляксандры ПАРАХНІ.