Паведамленне аб пажары ў жылым доме паступіла у 6.04, паведаміў інспектар Дзяржпажнагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Балаш. Патэлефанавалі суседзі, паведамілі, што чутны трэск шыферу, бачны дым. Да месца выкліку падраздзяленні райддзела прыбылі праз 4 хвіліны.

Палова дома на дзве сям’і была ахоплена агнём. У адной кватэры знаходзіўся мужчына, у другой – 76-гадовая пенсіянерка. Бабулю пажарныя вынеслі з памяшкання. Яна шпіталізавана з дыягназам “атручванне ўгарным газам”. Мужчыну знайшлі ў пакоі на падлозе.

Згодна з папярэднім заключэннем судова-медыцынскай экспертызы смерць наступіла ад множных колатых ран брушной поласці і грудной клеткі.

Раніцай 13 сакавіка ўпраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама паведамляла наконт забойства наступнае: 12 сакавіка каля 3 гадзін раніцы 35-гадовы мясцовы жыхар, непрацуючы, у стане алкагольнага ап’янення падчас сваркі на глебе непрыязных адносін, нанёс не менш за дваццаць удараў нажом па розных частках цела мужчыне. Ад іх пацярпелы на месцы памёр.

Пасля чаго падазраваны ў здзяйсненні злачынства падпаліў дом і схаваўся.

Пазней у справе стала двое падазраваных. Па папярэдніх даных у забойстве падазраюцца 35-гадовы муж і 25-гадовая жонка, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Потым яны падпалілі дом. Падазроныя затрыманыя.

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па арт. 139 ч. 2 п. 6 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь – “забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю”. Злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.

Аддзел інфармацыі.


















Фота vialejka.info.

Відэа МНС.