Новы сезон палявання адкрываецца ў Беларусі ў сакавіку. Разам з ім стартуе і чарговы этап руху за яго забарону.

Паляванне на глушцоў і цецерукоў сёлета дазволенае з 20 сакавіка да 30 красавіка, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 

На такіх птушак, як белалобая гусь, гусь гуменнік, шэрая гусь і канадская казарка, паляванне дазваляецца з 9 сакавіка да 12 мая. 

“Паляванне  – частка традыцый”

Ліцэнзіі на паляванне выдае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а таксама мясцовыя лесапаляўнічыя гаспадаркі. Дазвол на суткі каштуе 50 тысяч рублёў, на цэлы сезон – 500 тысяч. Паляўнічы мусіць раз на год плаціць падатак у  памеры 100 тысяч рублёў. Ліцэнзія не абмяжоўвае колькасць падстрэленых птушак.

 – Паляванне на птушак распаўсюджанае на тэрыторыі ўсіх краін былога СССР, – кажа Дзмітры Пахомаў, начальнік Смаргонскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – У нейкім сэнсе гэта стала часткай нашай культуры і традыцый. Нелегальнае паляванне на птушак сустракаецца рэдка, бо сам працэс вельмі складаны: трэба не адну сотню кіламетраў праехаць, каб знайсці птушку, яе прыманіць. Паляваннем займаюцца сапраўдныя аматары. Яно нецікавае для браканьераў, бо на ім не заробіш вялікіх грошай. 

У Смаргонскім раёне ахвотныя паляваць заўсёды знаходзяцца.

– Паляваннем займаюцца вельмі захопленыя людзі, – заўважае Уладзімір Лях, вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Смаргонскага лясгаса. – У нашым лясгасе мінулай вясной мы выдалі 48 ліцэнзій. Ва ўсім раёне іх было нашмат больш. Папулярнасць гэтага захаплення не памяншаецца.

“Правы прыроды трэба паважаць”

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” сёлета зноў звяртаецца да грамадзян краіны з заклікам спыніць вясеннія паляванні. 

 – Вясна – час абуджэння жыцця, – звярнуўся да беларусаў дырэктар “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук. – Мы хочам абудзіць і душы нашых людзей. Беларусь – цывілізаваная краіна, дзе мільёны беларусаў не прымаюць палявання на птушак у перыяд размнажэння. Прыйшоў час, каб паляўнічыя пачалі паважаць правы прыроды.

Спецыялісты арганізацыі сцвярджаюць, што паляванне вясной не толькі разбівае птушыныя пары, гатовыя для гнездавання. Да таго ж наяўнасць паляўнічых і гук стрэлаў ствараюць стрэсавую атмасферу для птушак. 

Як паказалі даследаванні ў ЗША і Канадзе, падчас дазволу на вясенняе паляванне яйкі адкладвае 32% самак ад папуляцыі белых гусей, падчас забароны – 67%. 

Умовы вясенняга палявання ў суседніх краінах іншыя. У Расіі яго тэрмін  скарочаны да 10-і дзён (у Беларусі – 40-60 дзён), у Польшчы і ва Украіне яно забароненае. 

Паступовыя змены ў гэтым кірунку ёсць і ў Беларусі, зазначае Міністэрства прыроды. Калі летась забарона на вясенняе паляванне на птушак дзейнічала на 13-і паляўнічых угоддзях краіны, то сёлета – ужо на 16-і. Навукоўцы хочуць высветліць, ці сапраўды забарона на вясенняе паляванне дапаможа падтрымліваць колькасць птушак.

У Гродзенскай вобласці няма тэрыторый, на якіх будзе дзейнічаць забарона. У Мінскай такой назвалі толькі адну, у Барысаўскім раёне. 

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота www.mazyr.by і Віктара КАЗЛОЎСКАГА.