Гэтым матэрыялам пачынаем серыю “Найцікавейшыя экспанаты Вілейскага краязнаўчага музея”. Пра цікавосткі музея папрасілі расказаць старшага навуковага супрацоўніка Вольгу Коласаву:

 – На пачатак гэтага года ў нас знаходзілася 21 770 музейных прадметаў асноўнага фонду. Калі яны трапляюць у экспазіцыю, то становяцца экспанатамі – такіх у нас каля 400. Кожны экспанат мае назву, імя, гісторыю, легенду. Чым больш мы ведаем пра легенду гэтага прадмета – тым больш ён становіцца цікавым. Вядома, у экспазіцыю выбіраем самыя цікавыя прадметы і тыя, які адпавядаюць тэме калекцыі. Кожны экспанат, які знаходзіцца ў экспазіцыі нашага музея, можа многае расказаць пра гісторыю вілейскага краю.

Падчас правядзення экскурсій, стараешся звярнуць асаблівую ўвагу на тыя экспанаты, якія могуць выклікаць здзіўленне ці захапленне і якія маюць цікавую гісторыю. Вось адзін з такіх. Гэта нагрудны знак памочніка Вілейскага гарадскога старасты – гэта такі чалавек, якія адказваў за дарогі, парадак на тэрыторыі, крамы. На адваротным баку знака – надпіс “11 июня 1892 года”.

Экспанат з’явіўся ў музеі ў 1985 годзе. Тады ў Вілейку да дзядулі і бабулі на канікулы прыехаў вучань адной з мінскіх школ Уладзімір Галуноў. Дзеці гулялі, і ў кучы смецця Уладзімір знайшоў гэты прадмет. Ён сам прынёс знак у музей, які толькі што адчыніўся для наведнікаў.

Знак адметны шмат чым, а самае галоўнае – яго добрая захаванасць і тое, што тут прысутнічае герб нашага горада.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.