–  Гульнявы комплекс будавалі шэсць валанцёраў з Вялікабрытаніі (Belarus children’s freedom trust) і чатыры – з Беларусі. Дапамагалі супрацоўнікі нашага цэнтра. Працы па пабудове пачаліся 4 мая. Праект часткова фінансуецца фондам “Дапамажыце нам жыць” з Германіі, – паведаміла вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю “Надзеі” Таццяна Майсак. – Асаблівасць комплексу ў тым, што гуляць тут могуць і дзеці з інваліднасцю. Зроблены пандусы, па якіх яны могуць падняцца наверх.

Карабель назвалі “Мара”. Варыянты назвы прапаноўвалі дзеці з цэнтра “Надзея”: з пачатку будаўніцтва комплексу сярод іх быў аб’яўлены конкурс на лепшую назву карабля. Варыянтаў было больш за 50. Журы спынілася на слове “Мара”.

– Новы карабель невыпадкова носіць такую назву: кожнае дзіця марыць пра падарожжы, далёкія краіны, будучую прафесію, – тлумачыць Таццяна Майсак. – Падняўшыся на палубу гэтага карабля, ён можа адчуць сябе капітанам і ў думках перамясціцца куды хоча. А яшчэ важна тое, што дзеці з інваліднасцю, якія таксама могуць падняцца на борт гэтага вялікага карабля, і якія мараць пра тое, як хутка яны маглі б бегаць і скакаць, калі б былі здаровыя, гэтыя дзеці таксама могуць разам з аднагодкамі ўдзельнічаць у гульні і быць побач на палубе, бо гульнявы комплекс прыстасаваны і для іх.

Падобны карабель можна ўбачыць у Вілейскай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы і ў іншых гарадах Беларусі.

– Натхняльнікі ідэі будаўніцтва комплексу спадары Шэйман і Сайман удзельнічалі ў будаўніцтве карабля ў інтэрнаце, – кажа Таццяна Майсак. – Кожны раз, калі прыязджаюць у Беларусь, яны прывозяць некалькі новых валанцёраў для ўдзелу ў праекце. Гэта каманда англійскіх “піратаў”, як яны сябе называюць, пабудавала ўжо не адзін такі карабель у Беларусі – ва Уздзе, у Валожыне. Наш карабель значна большы, бо месца дазваляла і будаўнічых матэрыялаў было больш.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Таццянай Майсак.