Акцыя прайшла ў аўторак, 18 чэрвеня.

Такое своеасаблівае мерапрыемства арганізаваў маладзечанскі РАУС разам са святарамі.

Першае перакрыжаванне, якое пасвянцілі, – Зялёны Гарадок. Затым перакрыжаванні каля “Бярозкі”, на вуліцы Касманаўтаў, Гарадоцкай, каля стэлы.

Ля кожнага святары чыталі малітву. Потым на хвіліну супрацоўнікі ДАІ перакрывалі дарогу, але ніякай перашкоды для кіроўцаў не было. Святары ў сваю чаргу свянцілі з чатырох бакоў дарогу.

Каля стэлы адбылася памінальная паніхіда па загінулых у аварыях. Святары зачыталі імёны тых людзей.

Пасля супрацоўнікі ДАІ прыпынялі машыны, а святары ўручалі абразікі і давалі наказ на дарогу кіроўцам.

 – Акцыя праводзіцца для таго, каб людзі, калі садзяцца за руль, думалі не толькі пра сябе, але і пра сваіх блізкіх, –  кажа благачынны Маладзечанскай царкоўнай акругі, протаіерэй Віталь Багданёнак. – Я ўсё разумею, лета, гонкі, хочацца праехацца з ветрыкам. І ўсё ж неабходна думаць і пра наступствы.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.