Увечары 29 чэрвеня па горадзе калясілі байкеры. Яны прыехалі ў складзе аўтамотаагітпрабегу па маршруце Мінск-Мядзел.

Падобныя прабегі ў Фрунзенскім раёне сталіцы ладзяць ўжо ў шосты раз, прымеркаваўшы іх да розных святаў. Гэты праходзіў у рамках святкавання Дня моладзі пад дэвізам “Моладзь – за незалежнасць!”.

Адразу ўдзельнікі прабегу спыніліся на ўездзе ў Мядзел: усклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

А потым госці накіраваліся ў цэнтр горада – на плошчу Леніна. Наведнікі свята маглі паглядзець паказальныя выступленні авіямадэлістаў, а на возеры Мястра плавалі мадэлі паруснікаў.

Захапленне выклікала выступленне гіравікоў: хлопец і дзяўчына так жангліравалі гірамі, нібыта гэта мячыкі.

Але найбольшую ўвагу, безумоўна, прыцягнулі байкеры – удзельнікі мотаклуба “Live to ride”. Колькі мядзяльчан перафатаграфавалася каля іх матацыклаў – не злічыць! Кожны ўладальнік фотаапарата, мабільніка і нават планшэта лічыў абавязковым сфатаграфаваць сваіх нашчадкаў ці знаёмых ля магутных матацыклаў.

Купка хлопчыкаў год сямі ажыўлена абмяркоўвала відовішча.

–  Тоўсценькіх цёцяў у байкеры не бяруць, – аўтарытэтна заяўляў самы дасведчаны. – Толькі крутых мужыкоў і такіх тоненькіх цёцяў.

Дачакаліся ахвотныя моманту пракаціцца на байках – вядома, у якасці пасажыраў. І былі гэта не толькі дзеці ці дзяўчаты: і не зусім маладыя жанчыны рваліся пракаціцца з ветрыкам.

– Як уражанні, расказвай! – пыталіся знаёмыя ў адной з пасажырак.

– Уух! – не хавала захаплення яна.

У гэты дзень былі яшчэ розныя спартыўныя спаборніцтвы. З канцэртам выступілі таленавітыя дзеці, якія адпачываюць у НДЦ “Зубраня”.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.