У ліпені выхаванец аднаго з мінскіх інтэрнатаў адпачываў у летніку на Маладзечаншчыне. Ён збег адтуль, і па дарозе ў Мінск яго збіла машына. Дзіця загінула.

Летам усе заклікаюць вывозіць дзяцей з гарадоў, каб яны маглі не толькі палепшыць здароўе, але пабыць далей ад гарадскога жыцця з яго спакусамі.

Аднак няшчасце можа напаткаць дзе заўгодна.

Дзеці гінуць на вадаёмах, дома, пад коламі машын… Гэта адбываецца заўсёды, калі яны застаюцца адны. Па аператыўных дадзеных МНС і МУС, у краіне ад пачатку года патанулі 24 дзіцяці, загінулі ў пажары 16, а ў аварыях – 10. Пацярпелі ад аварый 218.

І да 70 працэнтаў такіх здарэнняў адбываюцца з-за недагляду дарослых.

Кожнаму з бацькоў трэба разумець, што дзеці капіруюць іх паводзіны, у тым ліку і небяспечныя. З імі трэба размаўляць, тлумачыць, што можна, а што не. Нельга быць ініцыятарамі няправільных учынкаў. Часам можна назіраць карціну, калі дарослыя перабягаюць дарогу там, дзе нельга, ды перад самай  машынай. І ў дадатак цягнуць за сабой малечу.

У Радашкавічах дзіця з дома-інтэрната патанула падчас адпачынку. Дзеці самі сабраліся і пайшлі купацца. Але ж педагогі ведаюць, куды цягне дзяцей, а значыць, трэба сачыць за імі.

МУС ладзіць розныя мерапрыемствы, каб папярэдзіць такія трагедыі. Аднак нішто не заменіць бацькоўскі кантроль.

Сяргей ШЫТЫКА, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага РАУС.

Фота grakartinki.ru