У рэдакцыю звярнуўся жыхар Лясных Віктар. Ад імя ўсяго Залінейнага раёна Маладзечна ён прасіў даведацца, ці магчыма яшчэ захаваць грамадскую лазню ў гэтым раёне Маладзечна.

Гаспадар яе – чыгунка. 14 жніўня мы адаслалі кіраўніцтву чыгункі ліст, у якім прасілі патлумачыць, як вырашыцца лёс лазні.
Друкуем адказ.

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады (далей – Дзяржаўная праграма), зацверджанай пастановай Савета Міністраў ад 20 снежня 2010 года, Беларускай чыгунцы неабходна да 2015 года перадаць увесь жыллёвы фонд і аб’екты інфраструктуры, не звязаныя з забеспячэннем перавозачнага працэсу, у жыллёва-камунальны комплекс.

Мінскаму аддзяленню чыгункі даручана ў 2013 годзе спыніць эксплуатацыю няпрофільных аб’ектаў – лазняў, якія аказваюць платныя паслугі насельніцтву.

Лістом ад 15 сакавіка 2013 года Мінскае аддзяленне чыгункі звярнулася ў адрас Маладзечанскага райвыканкама з просьбай разгледзець пытанне перадачы лазні ў камунальную ўласнасць горада Маладзечна. На зварот Мінскага аддзялення чыгункі атрыманая адмова ад 23 красавіка 2013 года Маладзечанскага райвыканкама ў прыняцці ў камунальную ўласнасць будынка лазні.
На падставе гэтай адмовы Мінскае аддзяленне чыгункі звярнулася ў адрас Маладзечанскага райвыканкама з просьбай дазволіць перапрафіляванне будынка лазні пад адміністрацыйна-гаспадарчы будынак.

Для выканання работ па перапрафіляванні будынка лазні на станцыі Маладзечна сабраныя асноўныя зыходныя дадзеныя, падрыхтаваны архітэктурна-планіровачны будынак, атрыманае ўзгадненне Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, рашэнне Маладзечанскага райвыканкама ад 28 чэрвеня 2013 года “Аб дазволе выканання праектна-пошукавых і будаўнічых работ” па аб’екце “Рэканструкцыя будынка лазні па вуліцы Паркавай, 9 у горадзе Маладзечна пад адміністрацыйна-гаспадарчы будынак ЖРЭУ №4”.

Падчас рабочай сустрэчы кіраўніцтва Мінскага аддзялення чыгункі і Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта, якая адбылася сёлета 21 жніўня, дасягнутая дамоўленасць аб бязвыплатнай перадачы будынка лазні ў падпарадкаванне мясцовых органаў упраўлення.

Для выканання дасягнутых дамоўленасцяў Мінскае аддзяленне чыгункі цяпер праводзіць рамонтныя работы абсталявання кацельні, а таксама рыхтуе неабходны пакет дакументаў для перадачы ў камунальную ўласнасць будынка лазні ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Юры Вараб’ёў, намеснік начальніка аддзялення чыгункі.
Аддзел інфармацыі.
Фота Ілоны СЦЕБУРАКІ.