Не ведаю, як на іншых святах, а на выставе-кірмашы “Камарова – кола дзён” Вітольд Малютка заўсёды ў цэнтры ўвагі.

Майстар з вёскі Камень Валожынскага раёна не толькі дэманструе вытканыя ручнікі і дарожкі, а і прывозіць з сабой пераносныя кросны. Пакажа, як той ручнік ствараецца, і ахвотных павучыць. І ўсё весела, з жартамі ды прыказкамі.

Ткацтвам ён займаецца больш за 30 год. Хаця першае яго памкненне да ткацтва не ўхвалілі:

– Мама мая ткала. У дзяцінстве – яшчэ ў школу не хадзіў – залез і я паспрабаваць, – успамінае Вітольд Вітольдавіч. – Яна мяне за вушы нацягала, прагнала.

Але ад лёсу не збяжыш. Нямала год Вітольд працаваў электрыкам ад сталічнай арганізацыі, па Беларусі ў камандзіроўкі ездзіў. А ўсё ж вярнуўся жыць у родную вёску (хоць яму прапаноўвалі ў Мінску застацца). Неўзабаве і на кроснах стаў працаваць.

– Атрымалася так. Жонка пачала працаваць ткачыхай. Пайшлі дзеці – на дом стала працу браць, каб далёка не хадзіць. Цяжкавата адной з усім упраўляцца, прапанавала мне папрацаваць. Я яшчэ сказаў: “Спытайся ў майстра, ці возьмуць мужчыну” Папыталася. Гэны з вялікім задавальненнем: “Хай бярэ працоўную кніжку і бяжыць”. Ну я і прыбег. І вось па сённяшнія дзень працую. Час шыбка ідзе: здаецца, як учора пачаў.

– Чым так ткацтва вас зачаравала?

– Захапіўся гэтай прыгажосцю. Я сам прыдумваю ўзоры, малюнкі. Першы малюнак – гэта той, што мне далі. А яшчэ плюс дваццаць я выдумаў. Не расстаюся з ткацтвам пажыццёва. Як той казаў: “Есці не буду, а ткаць буду”.

– А колькі часу трэба, каб ручнік ці дарожку выткаць?

– Дарожку на стол гадзін пяць, як лёду, ткаць. Ручнік даўжэй – гадзін восем.

Вітольд Малютка працаваў на Івянецкай фабрыцы, Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Некалькі год дома вучыць ткацтву дзяцей.

– Ці шмат іх прыходзіць на заняткі гуртка?

– Пятнаццаць. І больш хлопцаў сярод іх.

– Чаму так?

– Не ведаю, можа, таму, што я мужчына. Хлопчыкі старанна працуюць.

– Ці шмат часу трэба, каб навучыць дзяцей ткацтву?

– Хто ўпадабае гэту справу, то нядоўга. Дзень-другі – ён ужо ўсе запомніў. А як у іх атрымоўваецца, то такія радасныя!

– Дзяцей цікава вучыць?

– Цікава, яны стараюцца, любое слова маё запамінаюць, выконваюць. У мяне на тыдзень два дні заняткі. А некаторыя і кожны дзень хочуць прыходзіць. Калі ласка, як ёсць час.

Дома ў майстра стаяць даўнейшыя кросны – вялікія, на ўсю хату. Раней за імі працавалі бабуля, маці, а цяпер гаспадар з жонкай Раісай ткуць, дзеці вучацца. І чатыры сыны майстра сямейнай справе навучаныя (“былі малыя, як адзін вучыліся”), і ўнук Данііл – спецыяльна для яго Вітольд Малютка зрабіў невялікі станок.

– Ці ведаеце яшчэ мужчын, якія ткацтвам займаюцца?

– Як па выставах і конкурсах езджу, то неяк не сустракаў, хіба хлопчык які. А старэйшыя людзі ўжо выйшлі са строю, ніхто не тчэ. У наваколлі раней было нямала рабочых, пару і мужчын. Потым на пенсію пайшлі – і ўсё.

– А вы не кінулі ткацтва…

– А я не. Бо ўлюбёны ў сваю справу.

Вітольд Малютка – пераможца безлічы конкурсаў і фестываляў, багата дыпломаў і ўзнагарод мае.

– Ужо ў шафе не змяшчаюцца, – усміхаецца.

Шмат ён дзяцей навучыў ткацтву. І ўжо яны ўзнагароды заваёўваюць.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.