Калі ўспамінаю школу, то мяне заўсёды ахоплівае нейкае трапяткое хваляванне, лёгкае, светлае. І адразу наплываюць успаміны пра 1 верасня, наша расставанне са школай, якую скончыў ужо ў далёкім 1969 годзе, пра аднакласнікаў.

На жаль, шмат каго з нашага выпуску ўжо няма з намі – адышлі ў іншы свет. Адразу пасля заканчэння школы, у жніўні, не стала нашага весельчака і прыгажуна Лёшы Пракопчыка. Быў ён родам з адной з вёсак Валожынскага раёна. У тыя гады шмат вучняў Дубраўскай сярэдняй школы хадзілі адтуль, хаця школа адносілася да Маладзечанскага раёна.

Лёша прыйшоў да нас з Радашкавіцкай школы-інтэрната. Ён рана страціў маці. Але ніхто і ніколі не бачыў яго панурым. Быў добрым спартсменам. Душа класа. І вось трагічны выпадак.

Пасля школы Аляксей уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас. Яму выдзелілі старэнькі трактар. І аднойчы на крутым павароце каля вёскі Новы Двор у тэхнікі ці то тармазы адказалі, ці то рулявое падвяло. Па праўдзе, і досведу кіравання ў хлопца было малавата.

Пра страшнае здарэнне нам паведаміла Валя Чачко, лепшая вучаніца, разумніца і выдатніца, якая пасля працавала начальнікам службы ў сталічнай мэрыі і часта давала інтэр’ю па тэлебачанні. Праўда, у яе цяпер іншае прозвішча, па мужу.

Тады гэта страта нас так узрушыла і засмуціла. Мы не хацелі верыць, што такое жудаснае і неверагоднае магло здарыцца з нашым аднакласнікам. Мы былі ўсе ахопленыя нейкім неверагодным пачуццём, што паступаў, хто на працу ўладкоўваўся. І здавалася, што смерці ўвогуле не можа быць. А тут такое!

А праз некалькі месяцаў, узімку, не стала яшчэ аднаго нашага хлопца, Сяргея Таўпекі, таксама з Валожынскага раёна, з Агароднікаў. Быў ён невысокага росту, непрыкметны, нічым, здаецца, і не выдзяляўся. Меў мянушку Гарчык.

У тыя гады амаль кожны з нас меў нейкую мянушку. Яго сябар, напрыклад, быў Бычок.

Прычым перайшла гэта мянушка яму ад старэйшага брата.

Але аднойчы наш непрыкметны аднакласнік праявіў сябе на спаборніцтвах па бегу на 60 метраў, якія праходзілі ў школе. Яго можна было параўнаць з палётам ракеты. Фізрук не мог паверыць, думаў, што секундамер сапсаваўся, стаў параўноўваць свае паказанні з паказаннямі на секундамеры ў свайго памочніка. Вынік на ўзроўні дарослага разраду. Рэкорд школы.

Ён мог стаць выдатным спартсменам. Ды толькі зімой захварэў, не надаў гэтаму значэння. А калі ўсе спахапіліся – было позна.

Чамусьці з сумам успамінаецца і яшчэ адзін вучань. У нашай школе ў 60-70 гадах мінулага стагоддзя вучылася шмат вучняў з прозвішчамі Казлоўскі. І амаль усе яны валодалі выдатнымі галасамі, добра спявалі. А ў гэтага быў, як кажуць, голас з галасоў.  

Заўважыў гэта яшчэ ў малодшых класах Вячаслаў Васілевіч Міхасёнак, настаўнік, які ў тыя часы вёў у школе спевы. Ён разгледзеў у гэтым вучню талент і хацеў дапамагчы яго развіццю. Некалькі разоў хадзіў да бацькоў хлопчыка, угаворваў, каб аддалі яго вучыцца ў школу-інтэрнат з музычным ухілам. Але не атрымаў ад бацькоў падтрымкі. Тым было не да таго.

Праз шмат гадоў аднакласнікі сустрэліся з гэтым хлопцам. Ён ад радасці, ад перапаўнення пачуццяў захацеў запець, як калісьці спяваў. Але ў яго нічога не атрымалася. Голас быў пракураны, прапіты.

Іосіф ПАЎКАЛАС, вёска Навасёлкі-1.

Фота mmuromskaya.blogspot.com.