З нагоды юбілею музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага з канца верасня і на працягу ўсяго кастрычніка ў Палацы культуры горада Маладзечна праходзіць выстава творчых прац мастачкі Вікторыі Капуцкай.

Гледачу адкрываецца дзівосны свет  пачуццяў і думак аўтара. Выстава − цудоўны прыклад багацця і насычанасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка Вікторыі падобная да лёгкага паветранага вальса вобразаў і адначасова з гэтым насычаная глыбокім сэнсам і сімвалізмам, непаўторным каларытам і духоўнасцю нашага фальклору.

“Чорна-белае натхненне”, “Радаўніца”, “Нябёсы” – гэта адлюстраванне непадробнай красы і мудрасці беларускага народа, яго светаўспрымання, дзе за знешняй спрошчанасцю схаваная складанасць. Кожная праца як рэбус, які трэба разгадаць і зразумець для таго, каб хаця б крышачку дакрануцца да магутнага пласта славянскай культуры.

Лёгкія бяскрыўдныя “Матылькі” і строгія велічныя саламяныя пано, дзе кветкі як сонечныя промні рвуцца да тваёй душы, глядач, і кажуць: “Дарагі сябар! Я рады сустрэць цябе, будзь шчаслівы!”

Кожны твор – нераскрытая таямніца, якую маеш магчымасць зразумець ты, выпадковы чалавек. Толькі прыйдзі і паглядзі…

− Вікторыя, што для вас значыць другая персанальная выстава?

− Творчасць − гэта маё жыццё. Усё, што я бачу і чую ў працах. Тут любоў маёй душы.

− А што больш падабаецца рабіць? У якой тэхніцы працуеце?

− Мне падабаецца рабіць ўсё. Я не магу займацца толькі адным. Кожны матэрыял цудоўны.

− Вікторыя, дзе крыніца вашага натхнення?

− Складана адказаць на гэтае пытанне. Натхненне прыходзіць само і нечакана. Проста раптам бярэш аркуш паперы, саломку і робіш нешта новае. Нараджаецца ідэя, якую ты хочаш падарыць іншым.

− А як да творчасці ставяцца самыя блізкія людзі?

− Мой галоўны крытык – мама. Яна вельмі трапна можа сказаць. Адчуць унутрана, які з маіх твораў ужо завершаны, а над якім варта яшчэ папрацаваць. Вельмі ўдзячная маёй выкладчыцы Людміле Валковіч-Борыс, а таксама сябрам Андрэю Гамолку і Антону Чараповічу за іх падтрымку і дапамогу ў арганізацыі гэтай выставы. Таксама вялікі дзякуй усім маім настаўнікам з дзіцячай мастацкай школы і Алене Грыб, што калісьці заўважыла мае здольнасці і заахвоціла да спецыяльнага навучання.

− Вікторыя, што вы хацелі б пажадаць гледачам, якія прыйдуць на выставу?

− Зычу ім дабрыні, любові, натхнення і спаўнення светлых мараў (усміхаецца).

Калі размаўляеш з аўтарам, адчуваеш неверагодную мяккую цеплыню і гасціннасць. Такімі ж пачуццямі жыве душа, калі глядзіш на працы Вікторыі Капуцкай.

Таццяна НАВАСЕЛЬСКАЯ-ТАМАШЭВІЧ.

Фота са старонкі Вікторыі ў vk.com.