У чацвер ноччу, 17 кастрычніка, жыхары дома па вуліцы Партызанскай прачнуліся ад плачу дзяцей.

Як потым стала вядома, перад гэтым маладая сям’я адзначала наваселле. Сацыяльную кватэру муж з жонкай і іх двое дзяцей атрымалі гэтым летам.

Ноччу суседзі пачулі плач дзяцей, які даносіўся з кватэры навасельцаў. Яны чакалі, пакуль тыя супакояцца, аднак плач станавіўся толькі мацнейшым. Суседзі не вытрымалі і выклікалі міліцыю.

 – Бацькі былі настолькі п’яныя, што нават не чулі званкоў і грукання ў дзверы, – кажа інспектар дзяржпажнагляду Валожынскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алеся Радвіловіч. – Давялося адчыняць дзверы выратавальнікам.

У кватэры было двое дзяцей: шасцімесячны хлопчык і двухгадовая дзяўчынка. Нягледзячы на тое, што яны моцна плакалі, бацькі спалі і ніяк не рэагавалі. Іх давялося будзіць супрацоўнікам Валожынскага РАУС.

 – Цяпер дзеці лічацца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму што такая сітуацыя можа паўтарыцца, – дадае Алеся Радвіловіч.

Раней такога ў сям’і не было

На раніцу да бацькоў завіталі супрацоўнікі Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Маладая маці спакойна адчыніла дзверы і ўпусціла нас у кватэру, – распавядае спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Вольга Акульская. − Яна ўважліва слухала заўвагі.

Некаторыя ў падобных сітуацыях раніцай могуць паводзіць сябе агрэсіўна ці адмаўляць тое, што здарылася.

Жанчына жыве разам з мужам. Яму 21 год, ёй – 20.  Пара ажанілася пасля таго, як нарадзілася другое дзіця. Сама маладая маці сірата, таму кожныя тры месяцы сацработнік прыходзіць да іх з праверкай.

Па словах Вольгі Акульскай, падобных выпадкаў у гэтай сям’і ніколі не было. Не было заўважана, што бацькі кепска даглядаюць дзяцей.

– У адказ на пытанне, як такое магло здарыцца, жанчына сказала, што яны з мужам вечарам адзначалі наваселле, – кажа спадарыня Вольга.

Маці раскайвалася, прасіла прабачэння, клялася і абяцала, што больш такога не паўторыцца.

За падобнымі выпадкамі стаіць пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

• Текст доступен на языке: Русский