У маладзечанскім парку імя Перамогі ў пятніцу, 25 кастрычніка, пасадзілі ліпавую алею і ўсталявалі памятны знак да 75-годдзя Мінскай вобласці

У пасадцы паўдзельнічалі і сямейная пара, што адзначыла залатое вяселле, і маладыя, што, пасадзіўшы дрэва, адразу паехалі ў ЗАГС.

Былі таксама гарадскія і абласныя ўлады, прадстаўнікі Таварыства Чырвонага Крыжа, ветэраны, навучэнцы музкаледжа ды прафесійна-тэхнічнага каледжа, настаўнікі ды школьнікі, па шэсць вучняў ад кожнай школы.

Апошнія пасля таго, як алея ўжо была пасаджаная, запусцілі ў неба паветраныя шарыкі. Разам з імі паляцелі і галубы. Як сказала адна з настаўніц, што суправаджала сваіх вучняў, шарыкі школы набывалі самі. Прыкладна па дваццаць кожная. Плацілі за іх таксама самі: 15 шароў – 150 тысяч рублёў.

На пачатку алеі ўсталявалі памятны знак да 75-годдзя Мінскай вобласці. У канцы – пасадзілі дуб. Назвалі яго “дрэвам міру, сяброўства і згоды”.

Настасся РОЎДА.

Фота і відэа Настассі РОЎДЫ.